БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ КАНГРЭС: ПЛАТФОРМА ПЕРАМЕНАЎ
НАС УСІХ ГЭТА ХВАЛЮЕ
- Збядненне людзей, рост цэнаў, беспрацоўе;
- Карупцыя, свавольства і безадказнасць чыноўнікаў і ўлады;
- Нашае здароўе і стан навакольнага асяроддзя;
- Заняпад нацыянальнай культуры і нізкі ўзровень адукацыі;
- Пагрозы незалежнасці, міру і спакою ў Беларусі
Кожны можа прадоўжыць гэты спіс, але адказ на пытанне “як жыць далей” для ўсіх адзіны.
Каб вырашыць праблемы беларусаў патрэбныя рэальныя рэформы, патрэбныя гарантыі для працоўных і ўласнікаў, неабходная павага да правоў і свабодаў людзей і адкрытасць краіны для свету.
За 22 гады панавання над Беларуссю Лукашэнка і яго каманда не вырашылі ніводнай істотнай праблемы краіны. Крызіс — вынік гэтага панавання. Ці здольная будзе гэтая ўлада вярнуць тое, што нарабавала, калі застанецца на наступныя тэрміны, якія яна імкнецца для сябе гарантаваць? Адказ ясны.
Каб жыццё стала лепшым, неабходныя не падачкі ад Расеі, а разумная, адказная і патрыятычная ўлада, якая ведае, што рабіць. Патрэбна ўлада, якой народ можа давяраць і даручыць свой лёс, а калі яна будзе няздольная, — адправіць яе ў адстаўку і паклікаць лепшую.
- Таму мы за перамены.
- Таму мы за свабодныя і справядлівыя выбары ўлады.
- Мы гатовыя прапанаваць зразумелую і дакладную праграму, што трэба рабіць, каб вырашаць праблемы па кожным пункце.
- Мы радыя супрацоўнічаць з усімі, хто за здаровыя змены і заклікаем да шчырай дыскусіі і супольнай працы.
7 ТЭЗІСАЎ НАШАЙ ПЛАТФОРМЫ ПЕРАМЕНАЎ
1. Выратаванне нацыі
Сёння краіна Беларусь і беларускае грамадства стаяць перад пагразой разбурэння нацыянальнай ідэнтычнасці і страты незалежнасці. Эканамічны і палітычны крызіс, у які трапіла наша краіна, — таксама вынік антынацыянальнай дзейнасці рэжыма Лукашэнкі. Выратаванне Беларусі — гэта не толькі рэфармаванне эканомікі і аднаўленне дэмакратыі, гэта абарона беларускай мовы, культуры, гісторыі. Гэта адкрытасць цывілізаванаму свету і супрацьстаянне агрэсіі “рускага міру”.
2. Эканоміка і дабрабыт
Асноваю пабудовы дабрабыта для беларусаў павінна быць прыняццё новага эканамічнага курсу, угрунтаванага на дэмакратычных стандартах, адкрытай канкурэнцыі, рынкавых прынцыпах і гарантыях для ўласнікаў і працоўных.
Галоўная мэта эканамічных рэформаў – павышэнне эканамічнай эфектыўнасці і выхад на еўрапейскі ўзровень паводле параметраў якасці жыцця.
Галоўны рэсурс – чалавечы фактар: свабода прадпрымальніцтва, свабода канкурэнцыі, укараненне апошніх дасягненняў у мэнэджменце і тэхналогіях.
Найважнейшыя ўмовы — макраэканамічная стабільнасць: бездэфіцытны дзяржбюджэт, ліквіднасць банкаўскай сістэмы, зніжэнне інфляцыі, стабільны валютны курс, нізкі ўзровень беспрацоўя, скарачэнне дзяржаўнага доўга, павышэнне нормы зберажэнняў і інвестыцый.
3. Клопат пра людзей
Чалавек і ягоныя патрэбы павінны стаць галоўнымі крытэрыямі ацэнкі дзейнасці дзяржавы і ўсіх яе інстытуцый. Без поўнага ажыццяўлення правоў і свабодаў чалавека немагчыма развіццё краіны і павышэнне якасці жыцця. Аднаўленне свабоды слова і сумлення, сходаў і дэманстрацый, спыненне ціску на палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і прафсаюзы, на грамадскіх і палітычных актывістаў будць першымі крокамі дэмакратызацыі беларускага грамадзтва.
Клопат дзяржавы пра людзей — гэта напаўненне рэальным зместам сацыяльных праграмаў, у тым ліку, вяртанне неабходных ільготаў пэўным катэгорыям насельніцтва, справядлівая пенсійная сістэма, ільготныя крэдіты на жыллё, лячэнне, навучанне, істотная дапамога дзецям, сем\’ям і непаўнаспраўным. Абавязковыя шырокія праграмы дапамогі моладзі ў атрыманні адукацыі і працы.
4. Здароўе і экалогія
Беларусь, якая пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы, павінна стаць чыстай і здаровай краінай. Для гэтага найперш неабходна:
- павелічэнне фінансавання аховы здароўя да паказчыкаў, блізкіх да сярэднееўрапейскіх, стварэнне сістэмы прыярытэтнага фінансавання навуковых даследаванняў у галіне практычнай медыцыны, дыферэнцыяванае павелічэнне выплат медыцынскім работнікам;
- стварэньне эфектыўнай сістэмы медычнага страхавання;
- перагляд экалагічных крытэрыяў, а таксама праграмаў эксплуатацыі забруджаных радыяцыяй тэрыторый.
Трэба перагледзець пытанне мэтазгоднасці пабудовы расейскай Астравецкай АЭС, якая ва ўмовах бескантрольнасці ўлады стварае пагрозу як Беларусі, гэтак і ўсяму кантыненту.
5. Дзяржава і бяспека
Мы прапануем:
- Часовае ўвядзенне нормаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. з наступным, пасля правядзення выбараў у Парламент Рэспублікі Беларусь, прыняццем новай Канстытуцыі;
- Паэтапнае абмежаванне паўнамоцтваў Прэзідэнта краіны, перадача часткі паўнамоцтваў сённяшняга прэзідэнта Ураду і Парламенту, іншым органам і службовым асобам, вызначаным канстытуцыяй;
- Рэформа судовай сістэмы на аснове Канстытуцыі 1994 г.;
- Рэфармаванне сістэмы кантрольных органаў, устанаўленне іх выключнай падсправаздачнасці Парламенту;
- Стварэнне сістэмы мясцовага самакіравання, якая не ўваходзіць у сістэму органаў дзяржаўнай улады;
- Рэфармаванне і скарачэнне праваахоўных структур з улікам досведу еўрапейскіх дзяржаў, ліквідацыю неканстытуцыйных сілавых фармаванняў;
- Мадэрнізацыю Узброеных сілаў і стварэнне новай ваеннай дактрыны Беларусі, як рэальна без\’ядзернай і нейтральнай дзяржавы;
- Рэформу выбарчай сістэмы, дзеля прадухілення фальсіфікацый і маніпуляцый;
- Паэтапнае ачышчэнне ўсіх дзяржаўных структураў ад людзей, якія заплямілі сябе парушэннямі законаў і правоў грамадзянаў;
- Усеахопную праграму барацьбы з карупцыяй і злоўжываннямі чыноўнікаў.
6. Беларусь і свет
Асновай міжнароднай палітыкі павінна быць пераадоленне самаізаляцыі Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне, наладжванне адносін з іншымі краінамі на прынцыпах непарушнасці суверэнітэту і незалежнасці краіны, павагі да агульнапрынятых стандартаў у галіне правоў чалавека, да права на выбар уласнага шляху развіцця, на безумоўнае прыняцце гуманістычных і дэмакратычных каштоўнасцяў. Адмова ад удзелу ў міжнародных аб’яднаннях і пагадненнях, створаных не ў адпаведнасці з палажэннямі Канстытуцыі Беларусі 1994 г.
У міжнародных адносінах – паслядоўнае і строгае выкананне канстытуцыйных палажэнняў: “зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву – нейтральнай”.
Мэтазгодна ўзмацненне кантактаў з усімі краінамі-суседзямі, арыентацыя на Эўрапейскі, а не Эўразійскі вектар.
7. Веды і праўда
Неабходна паслядоўнае захаванне прынцыпаў свабоды распаўсюду і атрымання інфармацыі. Дзеля гэтага — стварэнне Парламентам Нацыянальнай Назіральнай рады па СМІ. Адмена дазваляльнага парадку рэгістрацыі СМІ, забарона ўладным структурам засноўваць уласныя СМІ, датаванне з бюджэту ўсіх СМІ згодна з катэгорыямі. Змена парадку акрэдытацыі журналістаў і СМІ. Легалізацыя інстытуту фрылансераў, раздзяржаўленне сістэмы распаўсюду СМІ праз яе дэманапалізацыю.
Для пабудовы сучаснай і эфектыўнай сістэмы адукацыі прапануецца рэфармаванне сістэмы дзяржаўнага кіравання сістэмай адукацыі, вяртанне да чатырохступеннай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы з пашыранай дыферэнцыяцыяй навучання, перагляд заканадаўчай базы функцыянавання сістэмы адукацыі ў Беларусі з мэтай дэцэнтралізацыі і дэідэалагізацыі сістэмы адукацыі, развіцьцё сістэмы прыватных і грамадзкіх адукацыйных установаў, аднаўленне ў навучальных установах акадэмічных свабодаў і самакіравання. Патрэбны істотныя зьмены ў прынцыпах фінансавання адукацыі, а таксама стварэнне і практычная рэалізацыя базавай праграмы далучэння Беларусі да агульнаеўрапейскай адукацыйнай прасторы, заснаванай на прынцыпах, зафіксаваных у міжнародных дакументах; забеспячэнне ўмоў для рэальнага далучэння Беларусі да Балонскага працэса.