Навіны

Беларускі суд упершыню заняўся справай за палітычны рэпост «УКантакце»

Жыхар Магілёва Станіслаў Паўлінковіч атрымаў афіцыйнае паведамленьне пра тое, што суд заняўся ягонай справай.

Сам Паўлінковіч заявіў Свабодзе, што не атрымліваў ніякіх запрашэньняў на суд, а таксама ня ведае дату магчымага працэсу — суд Ленінскага раёну Магілёва адаслаў справу на дапрацоўку ў РАУС.

Суд разглядаў рэпост Паўлінковічам у сацыяльнай сетцы «УКантакце» паведамленьня Мікалая Статкевіча з заклікам на акцыю «Патрабуем сапраўдных выбараў» 12 верасьня ў Менску. У рэпосьце, як піша выканаўца абавязкаў старшыні суду Валянціна Лапаціна, пабачылі паўторнае парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў (ч.3 арт. 23.43 Адміністрацыйнага кодэксу), за што абвінавачанаму можа пагражаць штраф да 20–50 базавых велічыняў (420–1050 рублёў) або адміністрацыйны арышт.

«Прыйшла ня позва нават, а проста паперка, што суд прайшоў 20 верасьня безь мяне, бязь сьведак, без адвакатаў, — абураецца Паўлінковіч. — Нічога раней не прыходзіла — 23 верасьня прыйшла гэтая паперка, больш нічога не чуваць. Ніякіх позваў, тэлефанаваньняў не было».

На акцыю ў Менск Паўлінковіч ня трапіў. У дзень акцыі яго затрымалі за 100 мэтраў ад падʼезду ягонага дому, склалі пратакол за рэпост і пратрымалі ў пастарунку 6 гадзін.

Раней у Беларусі здараліся «суды за рэпосты» (незаконным можа быць нават «лайк» на Facebook), але яны тычыліся распаўсюду парнаграфіі.

Выпадак Паўлінковіча — першы вядомы судовы разгляд за «палітычны рэпост» у Беларусі.

Беларус Кірыл Сілівончык трапіў у турму за рэпост у Расеі — там значна часьцей судзяць і саджаюць за палітычныя і каляпалітычныя пасты і рэпосты.

Радыё Свабода