Навіны

БНФ не памятае пра галоўнае?

У другой дэкадзе кастрычніка бягучага года Партыя Беларускага Народнага Фронту на пасяджэнні сойма, свайго кіруючага органа, вызначылася з пытаннямі для малазразумелага, як мне падаецца, «народнага рэферэндуму». Самі па сабе адабраныя для яго некалькі пытанняў складаюць у цэлым спрыяльнае ўражанне і накіраваны на зацвярджэнне народаўладдзя ў Сінявокай і процідзеянне знешняй экспансіі. Тым не менш, БНФ у сваіх палітычных гульнях з нагоды рэферэндуму забывае аб галоўным – падтрымцы палітвязняў, якія пакутуюць у жахлівых умовах айчынных турмаў.

На мой погляд, недалёка ад ісціны сцвярджэнне аб тым, што ў Рэспубліцы Беларусь з яе жорсткім аўтарытарным рэжымам рэальнай палітыкай займаецца толькі тузін чалавек. З боку ўлады гэта, безумоўна, цяперашні кіраўнік Аляксандр Лукашэнка, для якога ўсе дзяржаўныя чыноўнікі, уключаючы кіраўніка ўрада Міхаіла Мясніковіча, толькі пасрэдныя палітычныя статысты.

Пакінуты дзесятак чалавек, ці крыху больш, прыходзіцца на палітвязняў. Менавіта яны высока трымаюць сцяг барацьбы з прагнілай і карумпаванай шклоўска-мінскай клікай часовых людзей. Менавіта да іх гераічных паводзін у няволі і іх грамадзянскай пазіцыі чуйна прыглядаюцца і прыслухоўваюцца міжнародная грамадскасць і ўрады дэмакратычных краін. У той жа час усе палітычныя партыі Беларусі, не кажучы ўжо пра іншыя грамадскія арганізацыi, зараз амаль цалкам выключаны з дзяржаўнага жыцця і носяць глыбока маргінальны характар.

Аб перадавым атрадзе барацьбы за светлую будучыню на чале з Мікалаем Статкевічам і Алесем Бяляцкім недапушчальна і начыста забываюць дзеячы некалі вядучай сілы апазіцыі, якая адзначыла на днях 25-годдзе свайго стварэння?! У гэта не хочацца верыць. На іх месцы я б перш за ўсё прапанаваў грамадству для абдумвання наступнае пытанне: «Ці згодныя вы з тым, што палітычныя зняволеныя, у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь як дэмакратычнай прававой дзяржавы і міжнароднымі абавязацельствамі краіны ў галіне правоў чалавека, павінны быць неадкладна вызваленыя з беларускіх турмаў і рэабілітаваныя ва ўсіх сваіх грамадзянскіх правах?».

Алесь АБРАМОВIЧ,
лаўрэат праваабарончай прэміі «Хартыі-97» у намінацыі «За асабістую мужнасць»