Навіны

БНП заклікае ўшанаваць Дзень Сьцяга і Герба

«Беларуская Нацыянальная Памяць» заклікае адзначыць 19 верасьня Дзень Сьцяга і Герба вывешваньнем бел-чырвона-белых сьцягоў. Як распавёў «Свабодзе» кіраўнік арганізацыі Анатоль Міхнавец, акцыя прымеркаваная да абвяшчэньня бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня» дзяржаўнымі:

«Набліжаецца 19 верасьня — Дзень Сьцяга і Герба. Менавіта 19 верасьня 1991 году нацыянальная сымболіка стала дзяржаўнай. Зараз наш сьцяг ізноў забаронены, хоць герб “Пагоня” і прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. “Беларуская Нацыянальная Памяць” зьвяртаецца да ўсіх беларусаў з заклікам узьняць у гэты дзень бел-чырвона-белыя сьцягі. Ад нашай адданасьці і актыўнасьці залежыць, калі спрадвечная сымболіка вернецца і зойме сваё ганаровае месца. Хай лунае Сьцяг і імчыць Пагоня!»

Анатоль Міхнавец кажа, што акцыі па вывешваньні сьцягоў плянуюцца як у Беларусі, так і па-за яе межамі.

19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў законы «Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь». Дзяржаўным гербам Беларусі зрабіўся старажытны беларускі герб «Пагоня», Дзяржаўным сьцягам Беларусі — бел-чырвона-белы сьцяг.

Аднак у 1995 годзе пасьля ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму бел-чырвона-белы сьцяг разам з гербам «Пагоня» пазбавілі статусу афіцыйных дзяржаўных сымбаляў.

Радыё Свабода