Бяляцкі прадставіць Беларусь на форуме «Усходняга партнёрства»
20-21 траўня ў Рызе пройдзе Канферэнцыя грамадзянскай супольнасці, якая праводзіцца ў рамках саміту «Усходняга партнёрства» Еўрапейскага Звязу.
У канферэнцыі возьмуць удзел некалькі сотняў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ды экспэртаў з дзяржаў-чальцоў ЕЗ і краін «Усходняга партнёрства». Выступяць палітыкі высокага ўзроўню і добра вядомыя спецыялісты з Латвіі і іншых дзяржаў-чальцоў ЕЗ, перадае «Радыё Свабода».
Канферэнцыю адкрые Лаймдота Стравюма, прэм\’ер-міністр Латвійскай Рэспублікі. Сярод іншых дакладчыкаў – міністр замежных спраў Латвійскай Рэспублікі Эдгарс Рынкевічс, еўрапейскі камісар у пытаннях палітыкі Еўрапейскага суседства і перамоў аб пашырэнні Ёханэс Хан, міністр замежных спраў Грузіі Тамара Беручашвілі, еўрапарламентарый Сандра Калніеце, былы віцэ-прэм\’ер-міністр Украіны Алег Рыбачук, дырэктар замежнай палітыкі Цэнтра еўрапейскіх рэформ Ян Бонд.
Беларусь на Канферэнцыі грамадзянскай супольнасці прадставіць старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, які выступіць з дакладам.
Мэта канферэнцыі – умацаванне грамадзянскай супольнасці і далучэнне яе да планавання і рэалізацыі палітыкі «Усходняга партнёрства».
«Канферэнцыя грамадзянскай супольнасці нароўні з самітам «Усходняга партнёрства» забяспечвае магчымасць палепшыць палітыку суседства ЕЗ, памяншаючы яе бюракратычны характар. Арганізуючы гэтую канферэнцыю, Латвія падкрэслівае вялікае значэнне грамадзянскай супольнасці ў рэалізацыі прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закона і належнага кіравання ў краінах «Усходняга партнёрства». Дасягненні Латвіі ў стварэнні грамадзянскай супольнасці заслугоўваюць увагі, і яны будуць карысныя шасці краінам «Усходняга партнёрства» для абмену досведам», – сказаў Андзіс Кударс, выканаўчы дырэктар Цэнтра ўсходнееўрапейскіх палітычных даследаванняў.