Навіны

«Чалавек-майка» Юры Рубцоў трымае галадоўку на Акрэсьціна. Жонка сабрала яму перадачу

Удзельніку чарнобыльскага шэсьця Юрыю Рубцову з Гомеля, якога другім разам за год пакаралі за майку з надпісам антылукашэнкаўскага зьместу, ў Гомелі сабрала перадачу ягоная жонка Ядвіга.

Images: m.png Як судзілі Юрыя Рубцова (28.04.2014)

Перадачу мусяць перадаць для Рубцова ў Менск сёньня, 3 траўня. Ёсьць верагоднасьць, што сёньня ж перадача патрапіць да адрасата.

Найперш для Юрыя сабранае адзеньне, бо пасьля таго, як у Рубцоваміліцыянты адабралі майку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь», яго прывезьлі ў суд напаўрадзетым. І ў ізалятар Рубцова адвезьлі ў такім выглядзе. Ядвіга Рубцова паведаміла карэспандэнту «Свабоды», што паклала мужу ў перадачу кашулю, бялізну, сродкі гігіены. Дадала, што ня раіла яму ехаць у Менск, бо прадчувала, што дабром гэта ня скончыцца. «Я пражыла зь ім 35 гадоў, і мне яго шкада. Мне яго шкада як мужа — нармальны чалавек», — кажа Ядвіга Рубцова.

Юры Рубцоў пакараны на 25 сутак адміністрацыйнага арышту. Ня выключана, што актывіста чакае і крымінальны перасьлед за зьнявагу судзьдзі Кірыла Полулеха, якога Рубцоў абазваў за тое, што ён адмовіўся судзіць яго ў судовай залі ў прысутнасьці публікі і журналістаў.

Адразу у судзе Юры Рубцоў абвясьціў галадоўку, якую, паводле зьвестак з Акрэсьціна, працягвае ўжо 6 дзень.

Алег ГрузьдзіловічРадыё Свабода