Чаму Беларусь ідзе на абвастрэньне адносін з Эўразьвязам?
Беларускія ўлады спынілі дзейнасьць Фонду Эбэрта. Якія прычыны адмовы ад заходняга вэктару? Ці ёсьць ў ЭЗ стратэгія дачыненьняў зь Беларусьсю? Калі зьменіцца тэндэнцыя да пагаршэньня адносінаў?
На фота: Валер Карбалевіч
Удзельнікі: дырэктар па дасьледаваньнях грамадзкага аб’яднаньня «Лібэральны клюб» Яўген Прэйгерман зь Менску і экспэрт Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысінскі з Варшавы.
Прычыны пагаршэньня адносінаў
Валер Карбалевіч: «Летам здавалася, што ў адносінах Беларусі і ЭЗ пачынаецца пацяпленьне. Лукашэнка падчас сустрэчы зь міністрам замежных спраў Баўгарыі Младэнавым абяцаў цягам верасьня вызваліць усіх палітвязьняў і нават весьці дыялёг з палітычнымі апанэнтамі. Але раптам зь верасьня ўсё прыпынілася. Зьявіліся новыя палітзьняволеныя. Здаецца, жаданьні размарозіць адносіны з Захадам у Менску зьнікла. У чым прычыны такога павароту?»
Яўген Прэйгерман: «Прычынаў некалькі. Па-першае, Лукашэнку абурыла, што ягоныя дамоўленасьці з Младэнавым сталі вядомыя публіцы. Па-другое, скандал зь беларускай дэлегацыяй на саміце „Ўсходняга партнэрства“ ў Варшаве. Па-трэцяе, адмена „Менскага форуму“. Па-чацьвёртае, адсутнасьць канкрэтнай прапановы ЭЗ. На тле канкрэтных датацыяў з боку Расеі».
Каміль Клысінскі: «Тое, што было адзначана, хутчэй, наступствы, чым прычыны. Пачатак цяперашняму пагаршэньню адносінаў пачаўся з 19 сьнежня 2010 г. Кароткі і няўдалы эпізод з Младэнавым не памяняў гэты трэнд. Лукашэнка, як прагматычны палітык, выбірае тое, што дапаможа яму захаваць уладу. Хто можа дапамагчы яму ў гэтым, даць жывыя грошы, прычым, выстаўляючы менш небясьпечныя ўмовы? Расея адрэагавала хутчэй, чым ЭЗ. Прапановы ЭЗ расплыўчатыя, няясныя ў некаторых момантах. Да таго ж, ён гаворыць на незразумелай для Лукашэнкі мове».
Прэйгерман: «Сп. Клысінскі кажа, што цяперашняя палітыка — гэта працяг палітыкі, штуршком да якой сталі падзеі 19 сьнежня. Калі б гэта было так, то большасьць палітзьняволеных не былі б вызваленыя».
Палітыка ЭЗ ў дачыненьні Беларусі
Карбалевіч: «Зразумела, у сытуацыі вострага эканамічнага крызысу беларускае пытаньне ў палітыцы ЭЗ цяпер знаходзіцца далёка не на першым месцы. Ці гатовы ЭЗ прапанаваць новую стратэгію ў дачыненьні Беларусі? Вось эўракамісар Фюле кажа пра нейкі новы плян адносна Беларусі. Што там новага?»
Клысінскі: «Найперш, ЭЗ будзе патрабаваць вызваліць і рэабілітаваць усіх палітзьняволеных. І гэта адразу зачыняе пэрспэктыву адносінаў Беларусі з Захадам. Бо Лукашэнка ня пойдзе на выкананьне гэтай ўмовы. І гэта блякуе ўсялякае размарожваньне.
Вызваленьне большасьці палітвязьняў — гэта спроба дамовіцца з ЭЗ на сваіх умовах. Але гэтыя умовы, разуменьне кампрамісу ў двух бакоў настолькі разыходзіцца, што проста немагчыма гаварыць пра паразуменьне. Праблемы ў новай стратэгіі ЭЗ па беларускаму пытаньню яшчэ ў тым, што патрэбна згода 27 краін. Плюс эканамічны крызыс у ЭЗ».
Прэйгерман: «У ЭЗ ніколі не было стратэгіі адносна Беларусі. Былі розныя палітычныя лініі паводзінаў. Доўгі час была лінія на ізаляцыю Беларусі. Потым была лінія на ўцягваньне Беларусі з эўрапейскія працэсы.
І цяпер няма стратэгіі. Бо ёсьць вялікія ўнутраныя ў самім праблемы ў ЭЗ. Увага Эўразьвязу да Усходняй Эўропы і раней была невялікая. А пасьля падзеяў ў Паўночнай Афрыцы яна яшчэ паменшылася.
Эўракамісар Фюле прапануе мадэрнізацыйны пакет для Беларусі. Гаворка ідзе пра выдзяленьне Беларусі тэарэтычных грошай, якія краіна магла б атрымаць у выпадку згоды на перамены. Гэта мэсэдж беларускаму грамадзтву. Маўляў, Расея дае Беларусі грошы, але гэта прамы шлях да страты сувэрэнітэту. А ад ЭЗ Беларусь атрымае больш і на лепшых умовах, кале зробіць геапалітычны паварот».
Якія пэрспэктывы?
Карбалевіч: «Ці значыць гэта, што пакуль палітвязьні не адбудуць свой тэрмін, то чакаць пацяпленьня дачыненьняў Беларусі з Захадам не даводзіцца? І навошта штучна псаваць адносіны зь Нямеччынай, якая дасюль была найбольш ляяльным партнэрам Менску ў Эўропе? Дык што, поўны тупік?»
Клысінскі: «Пры цяперашнім беларускім рэжыме я ня бачу ніякага поля для манэўра ў адносінах з ЭЗ. Замежная палітыка Беларусі ў глыбокім крызысе. Расейскі вэктар зьяўляецца адзіным. Што тычыцца Нямеччыны, то нямецкі бізнэс вельмі разачараваны беларускім бізнэс-кліматам. Таму ён з надзеяй глядзіць на інтэграцыйныя працэсы з Расеяй».
Прэйгерман: «Ня думаю, што гэта абсалютны тупік. Трэба пачакаць заканчэньня прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. Да сакавіка чакаць канфліктаў у дачыненьнях Беларусі і Расеі не даводзіцца. Зразумела, апошнія беларуска-расейскія пагадненьні звужаюць Менску поля для манэўру. А вось пасьля расейскіх выбараў магчымы некаторыя зрухі ў бок заходняга вэктару.
Адносіны зь Нямеччынай сапсаваліся пасьля 19 сьнежня. Беларускія ўлады абвінавацілі Бэрлін у тым, што ён рыхтаваў тут дзяржаўны пераварот. А спыненьне працы Фонду Эбэрту я наўпрост зьвязваю з адмовай Бэрліну праводзіць Менскі форум. Наколькі я ведаю, некаторыя людзі у адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі прынялі гэтае рашэньне на свой рахунак і вінаватым зрабілі Фонд Эбэрта. Бо яны ставілі на заходні вэктар».
Клысінскі: «Звычайна Лукашэнка зьвяртаўся да ЭЗ тады, калі ціск з боку Расеі станавіўся моцным, небясьпечным для яго. І ён пасьпяхова пужаў Захад пагрозай з боку Масквы. Цяпер я упэўнена магу сказаць пасьля размоваў у розных колах розных краінаў, што такі геапалітычны аргумэнт сёньня не дзейнічае. З-за таго, што Расея цісьне, ЭЗ ня будзе зьнімаць сваіх умоваў на адрас Менску. Таму поўны тупік».