Чаму Эўразьвяз ня ўзьняў тэму палітвязьняў на саміце ў Менску?
Чаму Эўразьвяз не запатрабаваў вызваленьня беларускіх палітвязьняў у адказ на ўдзел у саміце Ўкраіна — Расея — Эўразьвяз у Менску? Ці можна сьцьвярджаць, што на фоне вайны ва Ўкраіне афіцыйны Брусэль ужо не аддае столькі ўвагі пытаньням правоў чалавека ў Беларусі?
На гэтыя пытаньні адказвае старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.
Цыганкоў: Саміт, які прайшоў у Менску, некаторыя аглядальнікі расцанілі як палітычную перамогу Лукашэнкі, якому ўдалося ў пэўным сэнсе прарваць дыпляматычную блякаду, запрасіць у Менск заходніх палітыкаў, выступіць у ролі міратворца. На гэтым фоне некаторыя задаюцца пытаньнем — а чаму Эўразьвяз ня мог запатрабаваць вызваленьня беларускіх палітвязьняў у адказ на ўдзел у саміце ў Менску? Наколькі гэта было рэалістычна?
Гулак: Наколькі гэта было рэалістычна, складана гаварыць, бо тут, акрамя Эўразьвязу, былі і іншыя гульцы. Вядома, для Эўропы гэта вельмі важная і складаная тэма. Аднак паспрабаваць варта было. Вядома, гэта не магло быць першай тэмай, галоўнай тэмай. Аднак тое, што пра палітвязьняў увогуле не было ўзгадкі, гэта ня робіць гонару.
Вядома, можна прызнаць, што гэты саміт — сапраўды сур’ёзнае дасягненьне беларускай дыпляматыі і асабіста Лукашэнкі. Але трэба бачыць рэальны сьвет, а ён даволі моцна зьмяніўся за апошнія месяцы на фоне падзеяў ва Ўкраіне.
Цыганкоў: Ці вы маеце на ўвазе, што ў новай геапалітычнай сытуацыі Эўразьвяз ужо не аддае такой вялікай увагі пытаньню правоў чалавека на фоне агрэсіі Расеі ва Ўкраіне?
Гулак: З аднаго боку, у афіцыйнай пазыцыі Эўразьвязу нічога не мянялася, і каштоўнасьць правоў чалавека не адмаўляецца. Але калі людзей забіваюць і ідзе выклік для ўсёй міжнароднай сыстэмы, і Эўропа ня ведае, што рабіць з Расеяй — я думаю, Эўразьвяз аказаўся проста не гатовы да такіх выклікаў.
Да таго ж, калі казаць пра застарэлую беларускую хваробу — проста і мы недапрацавалі. Так расставіліся прыярытэты. Але пытаньне, што будзе далей. Адна сустрэча — гэта яшчэ не паказчык. Ці здолее Эўразьвяз скарыстаць тое, што зьявілася новая тэма супрацоўніцтва з афіцыйнай Беларусьсю?
Я лічу, што ажыўленьне стасункаў афіцыйнага Менску з Брусэлем — гэта не адназначна кепска. Бо гэта дае пэўнае спадзяваньне, што беларускаму боку гэта цікава і для яго зьяўляецца нешта, што можна страціць. Таму вельмі шмат залежыць ад таго, што будзе рабіць Эўразьвяз. Але мне здаецца, што гэты агульны інтарэс можна было б скарыстаць дзеля прагрэсу ў правах чалавека ў Беларусі.