"Чэмпіянат свету па палітвязням" – білборды на мяжы
Паблізу ад беларускай мяжы гасцей Чэмпіянату свету па хакеі сустракаюць білборды з напамінам аб беларускіх палітвязнях.
Білборды ўсталяваныя на тэрыторыі Польшчы недалёка ад памежных пераходаў Брэст-Тэрэспаль і Брузгі – Кузніца.
На іх – выявы, якія сталі ўжо папулярнымі ў сацыяльных сетках, – хакейны шлем, аблытаны калючым дротам, і надпіс на англійскай мове: “Чэмпіянат свету па палітвязням. Беларусь 2014”. Ніжэй – заклік “Не гуляй з дыктатарам” і спасылка на сайт www.statkevich.org.
Акцыю ажыццявілі сябры Грамадзянскай ініцыятывы “Свабоду Мікалаю Статкевічу і іншым палітвязням”, у якую ўваходзяць сябры ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча, родныя былых і сённяшніх палітвязняў, неабыякавыя людзі.
Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, кандыдата на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, палітвязня, які ўжо тры з паловай гады знаходзіцца за кратамі, кажа, што такім чынам сябры ініцыятывы хацелі нагадаць хакейным заўзятарам і грамадзянам Беларусі, якія выязджаюць за мяжу, аб парушэнні правоў чалавека ў нашай краіне.
“Не сакрэт, што амаль тры гады праводзілася міжнародная кампанія з патрабаваннем пераносу Чэмпіянату ў іншую краіну, калі ў Беларусі працягваюцца парушэнні правоў чалавека, калі за кратамі застаюцца палітвязні.
Гэтага не здарылася. Наадварот, сітуацыя стала толькі горшай. Заявы аб тым, што спорт па-за палітыкай, выглядаюць асабліва цынічнымі зараз, калі, адразу пасля сочынскай Алімпіяды, праведзенай насуперак патрабаванням яе пераносу, Расія ажыццявіла агрэсію ва Украіне, калі ў нашай краіне за кратамі прадказальна апынуліся дзесяткі дэмакратычных актывістаў па цынічных абвінавачваннях і на беспрэцэдэнтныя тэрміны.
Гэта свята – не для ўсіх. Мы б хацелі, каб людзі памяталі аб гэтым”.