ЧУ ў Смалявічах: агіднае харчаванне, вядро замест прыбіральні, брудны матрац
Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» распавёў пра ўмовы ўтрымання ў ІЧУ Смалявічаў.
Леанід Кулакоў падрыхтаваў скаргу на імя пракурора Менскай вобласці. З ягоных слоў, пракуратура горада Смалявічы выгароджвае кіраўніцтва РУУС. Пра гэта актывіст распавёў charter97.org.
«Камеры знаходзяцца ў падвальным памяшканні. Умовы ўтрымання – звыш жахлівыя, добра хоць, што стаўленне персаналу ІЧУ асабіста да мяне было выдатнае», – распавядае ён.
Леанід Кулакоў таксама сцвярджае, што пры паступленні ў ІЧУ ніякага медыцынскага агляду не праводзілася, а са сродкаў асабістай гігіены выдалі толькі кавалак гаспадарчага мыла.
«У камеры, дзе я ўтрымліваўся, адсутнічалі прадугледжаныя законам абсталяванне і інвентар: бачок з пітной вадой, тумбачка для захоўвання туалетных прыладаў, сеткавы радыёпрымач, вентыляцыя, тэлевізар, настольныя гульні. Ложак быў металічны, выраблены з чатырох палос, якія не дазваляюць нармальна ляжаць на ім і паўнавартасна адпачываць: матрац быў тонкі і неахайны», – распавёў ён.
Актывіст скардзіцца на недахоп свежага паветра і святла, на непрыемны пах і холад у камеры.
«Санвузел у камеры адсутнічаў, замест яго стаяла вядро, што не дазваляла спраўляць натуральныя патрэбы ва ўмовах прыстойнасці. Яго дазвалялі выносіць адзін раз на 12 гадзін», – піша ён.
Актывіст уважае гэтыя і іншыя факты парушэннямі правілаў умоў утрымання арыштаваных і чакае ўжывання адэкватных захадаў.