Навіны

Ці была сустрэча Статкевіча з папскім нунцыем — невядома

Жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч не атрымала пацьверджаньня пра сустрэчу папскага нунцыя зь яе мужам у Магілёўскай турме.

Пра тое, што такая сустрэча адбылася, паведаміла «Радыё Ватыкана», але спраўдзіць гэтыя зьвесткі ў прадстаўніка папы ў Менску не ўдалося.

«Большая частка інфармацыі пра сустрэчы нунцыя з палітвязьнямі ўтрымлівае прозьвішча Міколы, што была такая сустрэча. Але праверыць мне пакуль не ўдалося. Знайшла тэлефон нунцыята, званіла туды, але кажуць, што нунцыя цяпер няма ў Беларусі, і таму яны нічога ня могуць патлумачыць.»

Ад Мікалая Статкевіча апошні тыдзень не было лістоў. Апошні званок ад палітыка быў ужо некалькі месяцаў таму.

Былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча ўтрымліваюць у Магілёўскай крытай турме як злоснага парушальніка турэмнага рэжыму. Ён пакараны 6 гадамі зьняволеньня як арганізатар падзей 19 сьнежня 2010 году.

Алег Груздзіловіч, Радыё Свабода