Да Мікалая Статкевіча нарэшце здолеў трапіць адвакат
Па словах жонкі Мікалая Статкевіча Марыны Адамовіч, адвакат здолеў патрапіць да яе мужа, які адбывае 15 сутак арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.
Па яе словах, гэта адбылося нечакана, таму што раней на працягу 7 дзён такія спробы не мелі поспеху, нягледзячы на шмат напісаных скаргаў і заяваў.
А 4 кастрычніка адвакату нечакана пазванілі і дазволілі спатканне, – кажа Марына Адамовіч. Але ў Цэнтры ізаляцыі пратрымалі пад дзвярыма, сказаўшы, што трэба падрыхтаваць пакой. – Падрыхтоўка апынулася такой, што Мікола сядзеў у клетцы. Такое было спатканне з адвакатам. Адвакат насупраць яго ў двух метрах. За яго спіной было дзве відэакамеры. Высветлілася, што сапраўды Міколе не паведамілі, як мы падазравалі, пра судовы вырак 26 верасня. Хаця папярэдне яго збіраліся везці ў суд, усім пра гэта аб’явілі, але потым планы раптоўна памяняліся. Што гэта за планы, што гэта за спецаперацыя, я магу толькі здагадвацца.
Тое, што сустрэча была дазволена, Марына Адамовіч тлумачыць тым, што прадстаўнікі другой найбуйнейшай фракцыі ў Еўрапарламенце, Альянску сацыялістаў і дэмакратаў, накіравалі беларускім уладам запыт з патрабаваннем прадставіць доказы, што Статкевіч меў сустрэчу з адвакатам. Мікола Статкевіч павінен выйсці на волю 7 кастрычніка ў 15 гадзін.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Ілюстрацыйнае фота