Актуальна

Да паплечніка Статкевіча Марцалева грукаліся ў дзверы невядомыя. Чым скончылася гісторыя?

У нядзелю ў тэлеграм-канале «Вясна. Правы чалавека ў Беларусі» з’явілася паведамленне, што невядомыя спрабуюць трапіць у кватэру да паліттэхнолага і былога палітвязня Сяргея Марцалева. Сувязь з ім адсутнічала. Чым скончылася гісторыя?

Сяргей Марцалеў на волі, але кажа, што часова вымушаны знаходзіцца не дома. «Простая мова ў чалавека, які грукаўся ў дзверы, была цудоўнай, у нас на Трактарным заводзе так не размаўляюць».

Сяргей лічыць, што выпадковасцю гэта быць не можа. «Ён назваў прэпарат, легальны і безрэцэптурны, якія я ўжываю. Агулам у дзверы грукалі хвілін 10. Дзіўная акцыя. Але наўрад ці мяне хацелі схапіць», — сказаў Марцалеў.

Сяргей Марцалеў — адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Міколы Статкевіча па «Народнай Грамадзе». У дэмакратычным руху Сяргей ад сярэдзіны 90-х. Быў арыштаваны пасля Плошчы 2010 года. Да мая 2011 знаходзіўся ў следчым ізалятары, быў асуджаны да 2 гадоў умоўна.

Наша Ніва