ДАІ спыніла ўдзельнікаў акцыі ў Курапатах і ўчыніла надгляд
Актывістаў не адпускаюць ужо больш за 30 хвілін.
«Знайшлі, што не прайшоў тэхагляд, няспраўная фара… Мяркую, гэтую праверку зладзілі невыпадкова. Пакуль усе тут, нікога не адпускаюць, складаюць пратаколы», — паведаміў карэспандэнту Свабоды прадпрымальнік, адзін з арганізатараў акцыі Алесь Макаеў.
Удзельніца акцыі ў Курапатах Ганна Шапуцькатаксама паведаміла пра групу невядомых у цывільным, якія назіралі за акцыяй і пры гэтым паводзілі сябе вельмі агрэсіўна.
Таксама на выезьдзе з Курапацкага лесу ў бок «Бульбаш-холу» супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль актывіста Яўгена Батуры. «Перарылі ўсё, нават пад дыванкі зазірнулі, але пакуль нічога не знайшлі, да чаго прычапіцца. Але не адпускаюць», — паведаміў Яўген Батура.
Побач зь ім спынены таксама аўтамабіль ягонага сваяка. «Яго таксама правяраюць», — сказаў актывіст.
Пазьней супрацоўнікі ДАІ адпусьцілі ўсіх затрыманых. Паводле Алеся Макаева, усяго інспэктары спынілі пяць аўтамабіляў і найдаўжэй трымалі аўтамабіль інваліда-вазочніка Юрыя Ляшэнкі.