Свята

Дарагія сябры!

Віншую вас са святам Нараджэння Хрыстова! Зычу шчасця, здароўя, любові і дабра! Хай зямлю нашу абмінае бяда! 

Вясёлых Калядаў!

Мікалай Статкевіч


Дарагія мае сябры!

У гэту самую чароўную ноч, калі нарадзілася святло і надзея для цэлага свету, я зычу вам, каб надзея заўжды жыла ў вашых сэрцах, каб у вас заўжды была нагода для радасці і каб у вашых сэрцах былі спагада, любоў і каханне. Няхай у вашых дамах і сем\’ях пануе цеплыня і паразуменне, каб вам заўжды хацелася туды вяртацца з самых казачных вандровак, і няхай вам будзе цікава жыць у гэтым дзівосным свеце! Шчасця вам!

Ужо чатыры месяцы, як нашы хлопцы на волі, і кожны дзень я кажу вам ДЗЯКУЙ! Кожную хвіліну я памятаю пра тое, што вы для нас рабілі Эматыкон smile Я пачынаю пісаць словы ўдзячнасці і кідаю, бо не магу пералічыць усіх, баюся кагосьці забыць, пакрыўдзіць, і баюся, што не здолею вам выказаць, як шмат значыла і значыць вашая падтрымка. Даруйце, што не называю зараз вашых імёнаў… Паверце, іх вельмі шмат! І мае дарагія сёстры, з кім мы падзялілі лёс і чаканне, і праваабаронцы, і журналісты, што не давалі забыцца пра нашы хлопцаў усе гэтыя гады, і мае калегі – былыя і цяперашнія, і вернікі, што несупынна маліліся за іх, і цэлыя цэрквы, і тыя, хто пісаў Мікалаю, і хто перадаваў свае творы, кнігі, словы падтрымкі, і тыя, хто дапамагаў мне зрабіць цёплымі перадачкі, што былі нават не кожны год (і тым больш каштоўнымі), і “артылерысты”, і аўтары ідэй і выканаўцы, і тыя, хто не баяўся выходзіць у цішотках і з партрэтамі на вуліцу, ладзіў акцыі, вывешваў плакаты і расцяжкі, і хто ўвайшоў у ініцыятыўную групу гэтым летам, і дыпламаты, і мая сям\’я. Вельмі шмат людзей аказалася побач. А якую фантастычную энэргетыку, колькі цяпла вы ўклалі ў “неба для Статкевіча”! Я тады канчаткова паверыла, што ўсё будзе добра. Эматыкон smile І сустрэчу на вакзале мне таксама ніколі не забыць.

Шмат цудоўных людзей з\’явілася ў маім жыцці за гэтыя пяць гадоў – нехта ўсур\’ёз і надоўга, нехта добрым словам, калі яно было патрэбна.

Дарагія мае! Я памятаю ўсё і за ўсё вам удзячная! Хачу, каб вы ведалі аб гэтым. У гэтую казачную ноч я прашу ў Госпада шчаслівага лёсу для вас і для нашай краіны. Ведаю дакладна – мы заслугоўваем гэтага. Не верце тым, хто скажа інакш. Я-та ведаю )))

З Раством вас!

Марына Адамовіч