Навіны

Дарога на верную сьмерць або Што насамрэч адбываецца ў Дэбальцава?

Украінскі фотажурналіст Уладзімер Шуваеў распавёў у інтэрвію Свабодзе пра сытуацыю ў Дэбальцаве — самай гарачай кропцы на ўсходзе Ўкраіны. Зроблены ім фотаздымак салдатаў ўкраінскай арміі, якія гуляюць у мяч на трасе Арцёмаўск — Дэбальцава, патрапіў на першыя палосы многіх сусьветных СМІ і стаў своеасаблівым візуальным сымбалем новага перамір’я. Аб рэальным спыненьні агню, зрэшты, там толькі працягваюць марыць.

Прапануем вам тэкст інтэрвію ў скароце.

РС: Якая цяпер становішча ў раёне Дэбальцава, ці дзейнічае тут хоць бы збольшага перамір’е?

Шуваеў: На жаль, абстаноўка дастаткова сур’ёзная, прычым як для ўкраінскага, гэтак і для супрацьлеглага боку. Казаць аб тым, што перамір’е дзейнічае цалкам, напэўна, нельга ні пра адно месца ў зоне канфлікту, а аб Дэбальцава — тым больш, бо там абстрэлы не спыняюцца і практычна не спыняліся нават у першую ноч пасьля перамір’я.

Дарога на верную сьмерць або Што насамрэч адбываецца ў Дэбальцава?

РС: І ўсё ж такі, ці існуе «дэбальцаўскі кацёл»? Сэпаратысты сьцьвярджаюць, што так, украінскае камандаваньне кажа, што не, што дастаўка боепрыпасаў і харчаваньня ў Дэбальцава працягваецца. 

Шуваеў: Мы з калегамі ня можам цалкам пацьвердзіць ні адно, ні іншае. Адзіны факт, які ў наяўнасьці — гэта тое, што траса Арцёмаўск — Дэбальцава заблякаваная. Праехаць па ёй нельга. Калі ехаць з боку Арцёмаўску, то некалькі першых блёкпастоў яшчэ можна абмінуць, але ў нейкі момант ёсьць апошні блёкпост з украінскага боку, на якім салдаты настойліва ня раюць ехаць далей. Яны кажуць: «Калі вы хочаце ехаць на верную сьмерць — то калі ласка». Відавочна, ёсьць кантроль сэпаратыстаў за гэтай дарогай у раёне пасёлку Логвінава і далей у бок Дэбальцава. 

РС: Ці можна параўнаць абарону Дэбальцава з абаронай данецкага аэрапорту, якая доўжылася амаль год? 

Шуваеў: Напэўна, у ваенным пляне гэта параўноўваць можна. Але ў Дэбальцаве застаюцца мірныя жыхары, вывезьці якіх, хутчэй за ўсё, ужо немагчыма. Мы ня можам сьцьвярджаць з упэўненасьцю, але, улічваючы інтэнсіўнасьць абстрэлаў і тое, што там адбываецца, на жаль, хутчэй за ўсё, гэта так. Мы былі там за некалькі дзён да таго, як аблога ўзмацнілася, і вываз людзей працягваўся, пакуль гэта было магчыма. Але цяпер сытуацыя вельмі сур’ёзная і, наколькі мы разумеем, людзі практычна не выходзяць з сутарэньняў.

Дарога на верную сьмерць або Што насамрэч адбываецца ў Дэбальцава?

РС: Гэта значыць выехаць з Дэбальцава нельга ня толькі ў бок украінскіх пазыцый, але і ў бок пазыцый сэпаратыстаў?

Шуваеў: Фактычна менавіта так, паколькі праезд праз агнявыя пазыцыі сэпаратыстаў таксама немагчымы, абстрэлы вельмі інтэнсіўныя, гэта ўсе віды ўзбраеньняў — і рэактыўныя сыстэмы залпавага агню, і ствольная артылерыя, і стралковая зброя. Там пастаянна дзейнічаюць выведвальныя групы з абодвух бакоў, натуральна, мірным грамадзянам выехаць куды-небудзь практычна немагчыма. Час ад часу, у моманты цішыні, вакольнымі шляхамі туды прарываюцца мэдыкі. Ёсьць некаторая колькасьць мэдыкаў-валянтэраў з украінскага боку, яны з рызыкай для жыцьця, без канвою, на сваіх уласных машынах прарываюцца і вывозяць цяжка параненых. Гэта адзіныя людзі, пра якіх мы ведаем, што яны прарываюцца туды і назад.

РС: Гэта адбываецца цяпер, ужо пасьля фармальнага абвяшчэньня перамір’я?

Шуваеў: Так. Гэта адбывалася і раней, гэта адбываецца і цяпер. Па меншай меры, мы бачылі гэтых мэдыкаў учора ў Арцёмаўску, яны прывозяць параненых у Арцёмаўск.

Дарога на верную сьмерць або Што насамрэч адбываецца ў Дэбальцава?

РС: У карысьць вэрсіі аб тым, што «дэбальцаўскі кацёл» усё ж існуе, кажа навіна аб тым, што напярэдадні назіральнікі АБСЭ менавіта сэпаратыстаў прасілі забясьпечыць ім доступ у горад. Вам удалося пагутарыць з гэтымі назіральнікамі, вы бачылі прадстаўнікоў АБСЭ ў гэтым раёне? Многія ўкраінскія актывісты, напрыклад, вядомы валянтэр Тацьцяна Рычкова, абвінавачваюць назіральнікаў АБСЭ ў бязьдзейнасьці.

Шуваеў: Многія людзі, якія сочаць за хадой баявых дзеяньняў, не ўсьведамляюць, што прадстаўнікі АБСЭ зьяўляюцца цывільнымі, а не ваеннымі назіральнікамі, то бок яны ў першую чаргу абавязаны забясьпечыць сваю ўласную бясьпеку, і толькі пасьля гэтага — забясьпечыць маніторынг выкананьня пагадненьняў. Улічваючы, што траса Арцёмаўск — Дэбальцава заблякаваная сэпаратыстамі бліжэй да Дэбальцава, прыехаць туды АБСЭ ня зможа. Яны могуць паспрабаваць, і, наколькі мы ведаем, учора спроба была, але яны ня могуць нават блізка пад’ехаць да Дэбальцава.