Дэлегацыя Еўрапарламента не прыедзе ў Беларусь
Запланаваная на сярэдзіну ліпеня паездка афіцыйнай дэлегацыі Еўрапарламента ў Беларусь не адбудзецца.
Беларускі бок паставіў умовы, якія мы не можам прыняць, паведаміў журналісту Радыё Рацыя еўрадэпутат Марэк Мігальскі:
– Не едзем. Было прынятае рашэнне пра тое, што мы не паедзем у Беларусь таму, што ўмовы, якія паставіў беларускі бок, былі для нас непрымальнымі. Перадусім яны хацелі, каб нашая сустрэча праходзіла ў беларускім парламенце. Такое рашэнне было прынятае, бо бакі не паразумеліся адносна ўмоваў прыняцця дэлегацыі.
У дэлегацыю Еўрапарламента сярод іншых павінны былі ўвайсці: віцэ-старшыня Еўрапарламента Яцэк Пратасевіч, старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па справах Беларусі Філіп Качмарэк і еўрадэпутат Марэк Мігальскі.
Яны планавалі паехаць у Беларусь, каб сустрэцца з палітвязнямі, іх сем’ямі, а таксама з прадстаўнікамі афіцыйнага Менска.
Нагадаем, Еўрапарламент не прызнае беларускі Нацыянальны сход легітымным.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя