Актуальна

Дэмсілы за адмену „спісаў палітычных неўязных”

Сумесныя з Расеяй „спісы палітычных неўязных” павінны быць адмененыя, гаворыцца ў заяве лідараў дэмакратычных партый і арганізацый Беларусі.

Як паведамляе прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, дакумент падпісалі сустаршыні БХД Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня руху „За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч і яго намеснікі Юрась Губарэвіч і Алесь Лагвінец, старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Таксама ў ліку падпісантаў лідары аргкамітэтаў па стварэнні аб’яднання „За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі” Уладзімір Някляеў, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, аб’яднання „Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч і руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык.

„Мы, лідары беларускіх дэмакратычных сіл, рашуча асуджаем забарону на ўезд у Беларусь народнага дэпутата Украіны, намесніка кіраўніка камітэта замежных спраў Вярхоўнай рады, члена ўкраінскай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Ігара Гузя”, — падкрэсліваецца ў заяве.

Факт таго, што Гузю быў забаронены ўезд пасля запыту адпаведных органаў Расійскай Федэрацыі, паказвае „на несамастойнасць Беларусі ў знешняй палітыцы”, – лічаць аўтары заявы.

„Наша краіна на вачах губляе сваю суб’ектнасць на міжнароднай арэне. Такая палітыка кіраўніцтва Беларусі негатыўна адбіваецца на яе іміджы”, — адзначаюць яны.

Як вядома, гаворыцца ў заяве, Расея, асабліва ў апошнія гады, вядзе „надзвычай агрэсіўную знешнюю палітыку”. „Кола краін, з якімі наша суседка на доўгія гады сапсавала адносіны, хутка павялічваецца. Беларусі трэба максімальна адгароджвацца ад сумеснай з Крамлём знешняй палітыкі. Мы перакананыя, што пагадненне аб сумесных расійска-беларускіх спісах „непажаданых для ўезду палітычных асоб” павінна быць разарванае”, — заявілі палітыкі.

Ігару Гузю адмовілі ва ўездзе ў Беларусь 25 красавіка. Планавалася, што 26 красавіка Гузь возьме ўдзел у прэс-канферэнцыі з Севярынцам і Статкевічам на тэму „Беларусь і Украіна перад пагрозай страты незалежнасці”. Таксама дэпутат збіраўся прыйсці на акцыю „Чарнобыльскі шлях” і наведаць сваякоў беларусаў, якія ўдзельнічаюць у антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе. Гузь ў 2005 годзе ўдзельнічаў у „Чарнобыльскім шляху”, быў затрыманы і асуджаны на 10 сутак. Узначальваючы маладзёжную арганізацыю „Нацыянальны альянс”, з’яўляўся актывістам Еўрамайдана ў Луцку, абіраўся на пасаду намесніка старшыні Валынскай абласной рады. 

Беларускае радыё Рацыя