Навіны

Дэпутат Бундэстага Марылуіза Бек: “Свабоду Ігару Аліневічу!”

З нагоды чацвёртай гадавіны прысуду Ігару Аліневічу, які быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі 27 траўня 2011 года, Марылуіза Бек, спікер па пытаннях усходнееўрапейскай палітыкі парламенцкай групы Партыі зялёных у нямецкім Бундэстагу і “хросная маці” палітвязня, заявіла:

“Ігар Аліневіч павінен быць неадкладна вызвалены. Ён мае права на справядлівае судовае разбіральніцтва, каб абвінавачванні супраць яго можна было даказаць бесстаронне. Мы вельмі занепакоеныя тым, што палітычных зняволеных у Беларусі караюць дадатковымі рэпрэсіямі ў турме. Неаднаразова некалькім зняволеным давялося перажыць адзіночнае зняволенне, недастатковае медыцынскае абслугоўванне і непрымальныя ўмовы турэмнага зняволення. Відавочна, ёсць намер прымусіць гэтых палітычных зняволеных напісаць прашэнне аб памілаванні і, у той жа час, прызнаць сваю віну.

Ігар Аліневіч быў сябрам групы, якія называлі сябе “анархістамі”. Гэтая група звязаная з некалькімі палітычнымі акцыямі, якія прывялі да гвалтоўнага пашкоджання маёмасці. Абвінавачванне і прысуд у дачыненні да Ігара Аліневіча заснаваныя на гэтых дзеяннях. Ігар Аліневіч сцвярджае, што ён не браў удзел у названых злачынствах і ў той жа час ён таксама дыстанцаваўся ад гэтай групы. Судовы працэс супраць Ігара Аліневіча характарызаваўся сур’ёзнымі парушэннямі канстытуцыйных прынцыпаў. Ён быў выкрадзены невядомымі асобамі падчас яго выгнання ў Маскве і быў дастаўлены ў КДБ Беларусі. Падчас допыту ён стаў ахвярай псіхічных і фізічных здзекаў. Празмерна жорсткае пакаранне ў 8 гадоў у турме з’яўляецца палітычна матываваным прысудам.

Я не падзяляю ідэі “анархістаў” у Беларусі. Тым не менш, яны маюць права на суд паводле Канстытуцыі. Улічваючы, што такія суды, як правіла, адсутнічаюць у Рэспубліцы Беларусь, я ўзяла  на сябе статус “хроснай маці” Ігара Аліневіча ў межах кампаніі “хросных бацькоў”, якую распачала Libereco дзеля палітычных зняволеных у Беларусі.”

Кампанія “хросных бацькоў” палітычных зняволеных у Беларусі была ініцыяваная швейцарска-нямецкай асацыяцыяй Libereco – Партнёрства за правы чалавека з мэтай падтрымкі зняволеных і іх сваякоў. Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Ігара Аліневіча вязнем сумлення і заклікаюць да яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення.

Разам з беларускім Праваабарончым цэнтрам “Вясна” і незалежнай арганізацыяй Freedom House, Libereco запусціла сумесную анлайн-петыцыю з патрабаваннем да беларускага прэзідэнта Лукашэнкі вызваліць усіх палітычных зняволеных, у тым ліку Ігара Аліневіча.

spring96.org