Актуальна

Дом, дзе жывуць Статкевічы, хочуць знесці. Адміністрацыя: тут генплан, а не палітыка

У мінскай Лошыцы хочуць знесці хату Марыны Адамовіч, жонкі палітыка Мікалая Статкевіча. Сам палітык упэўнены, што такое рашэнне прынялі, каб яго «супакоіць». Але гарадскія ўлады кажуць, што гэта звязана з даўно прынятым праектам па забудове горада, а не з палітыкай.

Марына Адамовіч і Мікалай Статкевіч жывуць у невялікім доме на два канцы.

«Нядаўна ўлады паведамілі аб сваім рашэнні знесці дом, дзе я жыву, у сувязі з раптоўна ўзніклымі «грамадскімі патрэбамі». Гэты стары дом з садам належыць маёй жонцы. Яна ў ім вырасла», — паведаміў Статкевіч.

«Тут сотак 12: яблыні, грушы, вішня, ажыны… Хацеў пасадзіць яшчэ маладых дрэўцаў, але сэнс ужо…» — паціскае плячыма Мікола Статкевіч.

На яго думку, рашэнні знесці яго дом — выключна палітычнае.

«Я за штрафы пазбаўлены права кіраваць аўтамабілем, арыштаваны мой нумар мабільнага, палову пенсіі вылічваюць… І вось яшчэ з домам гэтая гісторыя цяпер. Я лічу, што гэта накіравана менавіта супраць мяне, бо паперу прынялі пасля нашай акцыі за справядлівыя выбары, якая прайшла 12 верасня. Рашэнне аб зносе раптоўна прынялі на наступны дзень — 13 верасня. Думаю, рашэнне прынялі на самым версе. Ну, з аднаго боку, я чагосьці такога і чакаў, бо я ведаю, што за чалавек кіруе нашай краінай. Гэта логіка турмы: калі ў турме бачаць, што ў цябе ёсць штосьці добрае, то гэта абавязкова забяруць», — кажа Статкевіч.

У гэтым доме яго жонка Марына Адамовіч пражыла, фактычна, усё жыццё.

«У свой час, калі Лошыца яшчэ не была часткай горада, тут было два інстытуты: навукова-даследчы інстытут бульбаводства і плодаагародніцтва ды інстытут раслінаводства. І супрацоўнікам інстытутаў, мясцовага саўгаса і Міністэрства сельскай гаспадаркі выдзялялі зямлю тут, дзе стаяць нашыя дамы. Некалькі вуліц яшчэ захавалі тое аблічча: тыповыя аднапавярховыя дамкі на дзве кватэры, так званыя «фінскія». Пасля нашчадкі тых навукоўцаў прыватызавалі гэтае жыллё, — распавядае Марына Адамовіч. — Яшчэ ў маім дзяцінстве гэтыя мясціны лічыліся ахоўнай зонай ракі Свіслач. Потым, як мы бачым на прыкладзе гаргары, што стаіць на праспекце Незалежнасці, ахоўная зона значна пасунулася. Пасунулася яна і тут.

Мой бацька ствараў сістэму сярэдняй спецыяльнай адукацыі для работнікаў сельскай гаспадаркі. Ён атрымаў гэты дом — дакладней, адну з дзвюх кватэраў у ім. Папаплакала тут мая маці, бо тут не было нічога, рукамі ж перакопваўся надзел, не было ані матаблокаў, анічога.

Пасягальніцтвы на гэтую тэрыторыю былі і раней: у 2009 годзе нам паведамлялі, што вядуцца нейкія работы па праектаванні… Але ж пазней запэўнілі, што нашы дамы не знясуць».

І сапраўды, год таму паведамлялася, што частку прыватных дамоў у Лошыцы знясуць. Але не ўсе. На тэрыторыі раёна меркавалася захаваць толькі 13 сядзібаў па адрасах: зав. Лошыцкі, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10 і вул. Юбілейная, 2, 3, 4, 5, 6. Дом Марыны Адамовіч і Мікалая Статкевіча якраз сярод іх.

«Група гэтых дамоў інтэгруецца ў новае горадабудаўнічае аблічча раёна, адначасова выконваючы пэўную гісторыка-культурную функцыю ў якасці «вёскі вучоных», — казала летам 2015 года «Мінск-навінам» Анастасія Асіповіч, начальнік ўпраўлення архітэктуры і будаўніцтва адміністрацыі Ленінскага раёна.

«А сёлета нам проста паведамілі, што прынялі рашэнне аб зносе. Канкрэтных тэрмінаў — што? калі? — пакуль ніхто не казаў», — кажа Марына Адамовіч.

Вось такую паперу даслалі Адамовіч і яе суседзям.

«Майго тут нічога няма. Усё належыць Марыне. У мяне ёсць толькі столік вось гэты. Я заўсёды кажу так: маю толькі столік і гонар. Столік магу аддаць — астатняе не прасіце! — пасміхаецца Статкевіч.

— Але, калі казаць сур’ёзна, магчыма, вырашылі паспрабаваць уздзейнічаць на мяне праз Марыну. Гэта ж яе дом, дзе яна вырасла… А мы з Марынай заўсёды ўдваіх, а два чалавекі — гэта ж каманда, па сутнасці. Хочуць каб пачаўся разлад ці што, — мяркуе Статкевіч. — Галоўная мэта ўсяго гэтага — каб я супакоіўся. Ці сядзеў ціха, ці з’ехаў нарэшце. Саджаць мяне не хочуць: гэта і не зменіць нічога, і сапсуе «лібералізацыю», якая нібыта ў нас ідзе».

Акрамя Марыны Адамовіч, аналагічную паперу атрымалі і іншыя суседзі. Але на Статкевіча яны не крыўдуюць.

«Ну знясуць, дык кватэру дадуць. Усё роўна я ўжо стары, на зямлі працаваць не магу, — кажа пажылы Уладзіслаў Оскаравіч. — Калі гэта і з-за Міколы, то я на яго не крыўдую».

«Не ведаю, чаму нас вырашылі знесці. У нашай дзяржаве можна чакаць чаго заўгодна, — кажа яшчэ адна суседка, Вольга. — Але ж нам дазволілі зрабіць рэканструкцыю дома, дазвалялі нават будавацца, і вось праз паўгода прыходзіць папера пра знос. Дык навошта тады мы марнавалі грошы і час? Мы былі з мужам у выканкаме, пыталіся, што адбываецца. Канкрэтна ніхто нічога не кажа.

Па словах Вольгі, ёй сказалі чакаць яшчэ адну паперу — калі яна прыйдзе да Новага года, то, маўляў, знясуць дакладна, праз паўгода-год. Калі гэта і «мера пакарання» для Статкевіча, суседка на яго не крыўдуе. Кажа, вінаваты тут не ён.

«Дзяржаве нашай верыць дакладна нельга. Таму я і раблю зараз Карту паляка», — сумна ўсміхаецца жанчына.

Праўда, ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва Ленінскага раёна запэўніваюць, што рашэнне аб зносе было прынята раней, яшчэ ў ліпені. То бок, кажуць там, ніякай сувязі з дзейнасцю Статкевіча ў гэтым няма.

«У нас ёсць горадабудаўнічы праект са зменамі. Праектаваў яго «Мінскпраект», усё зацверджана, было нават грамадскае абмеркаванне. Згодна з праектам, усе дамы ў Лошыцы падлягаюць зносу. Там будуць шматпавярховікі, крамы, дзіцячыя садкі, школа, паліклініка — будзе новы мікрараён, Лошыца-5. А рашэнне горада аб зацвярджэнні зменаў у праекце было прынята яшчэ 7 ліпеня 2016 года», — сцвярджае Таццяна Сідарава, начальнік праектнага аддзела ўпраўлення.

Улад Швядовіч

Наша Ніва