Другія ўгодкі Плошчы: мы памятаем…
Роўна два гады таму тысячы беларусаў, нязгодныя з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, выйшлі на вуліцы Менску.
Улады сустрэлі іх гумовымі дручкамі ды слезацечным газам. Якімі былі апошнія два гады для тых, каму за жаданне жыць у дэмакратычнай краіне давялося заплаціць самую высокую цану?
МАРЫНА АДАМОВІЧ, ЖОНКА М. СТАТКЕВІЧА:
“Калі шчыра, я не магу сказаць, што адчувала сябе нешчаслівай. Я заўсёды ведала, што самае галоўнае ў маім жыцці засталося і ёсць. Яно нікуды не падзелася. Хаця гэта – бясконцае чаканне і бясконцая барацьба”.
Як ацаніць падзеі 19 снежня? Цягам двух апошніх гадоў на тэму паслявыбарчай дэманстрацыі ў Менску, якая атрымала назву Плошча–2010, сказана і напісана шмат. Але нават на першы погляд розныя меркаванні, на думку аглядальнікаў, зводзяцца ў адно.
ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:
“За гэтыя гады пасля Плошчы адбыліся вялікія перамены. Галоўная перамена – гэта тое, што сацыяльная мадэль, створаная Лукашэнкам, якая больш-менш працавала, з 19 снежня 2010 года ўвайшла ў фазу крызісу. Наступіў і эканамічны, і сацыяльны, і крызіс даверу да ўладаў”.
У сваю чаргу нават тыя, хто заклікаў выйсці на Плошчу і сам больш за іншых там пацярпеў, не хаваюць крытычных ацэнак сваёй дзейнасці.
УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ, ЭКС-КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНЦТВА:
“Плошча павінна была стаць пляцоўкаю, дзе Беларусь магла б дамовіцца. Гэтага не сталася. Чаму? Якія ўрокі? Я ўжо неаднойчы адказваў: гэта раз’яднанасць нашая. Пры гэтым не толькі раз’яднанасць апазіцыі. Гэта раз’яднанасць тых, хто спавядае дэмакратычныя прынцыпы, з тымі, хто стаіць на баку рэжыму. Гэта раз’яднанасць унутры рэжыму і раз’яднанасць унутры апазіцыі”.
Жорсткае збіццё, арышт больш як сямісот удзельнікаў дэманстрацыі – гэта быў толькі пачатак паслявыбарчых рэпрэсіяў. У краіне рушыла бязлітасная судовая машына. Сотні беларусаў атрымалі адміністратыўныя арышты. Больш за сорак удзельнікаў Плошчы праходзілі ў крымінальнай справе паводле артыкулу “арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках”. На лаве падсудных апынуліся амаль усе былыя кандыдаты на прэзідэнцтва. Да сённяшняга дня за кратамі застаецца Мікола Статкевіч. Сустаршыня БХД Павал Севярынец адбывае пакаранне на “хіміі”. Паводле аглядальнікаў, уладам удалося запалохаць грамадства. Іншыя вераць, што…
УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ, ЭКС-КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНЦТВА:
“…Плошча абудзіла людзей да супраціву. Проста цяпер усе разумеюць, што нельга па-дурному класці галаву на плаху. Яны чакаюць моманту. Як толькі гэты момант наступіць, тыя, хто так абышоўся з народам на чале з іхным начальнікам, убачаць, як беларусы іх баяцца”.
Ці Плошча можа паўтарыцца? Меркаванні апытаных намі ў гадавіну тых падзеяў, розныя.
АПЫТАННЕ, ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
- “Недзе ж трэба выказваць свае меркаванні. Плошча – гэта не найгоршы варыянт”.
- “Трэба, каб гэта было дакладней арганізавана. Каб пратэст не быў стыхійны”.
- “Я думаю, што цяпер не атрымаецца. Вельмі страшна стала”.
- “У сучасным свеце трэба згоду шукаць на шляху кампрамісаў. Ні ў якім выпадку не на плошчы”.
На меркаванне ж экспертаў, рэальны сцэнар Плошчы бачаць наступным чынам.
ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:
“Дзеля гэтага трэба аб’яднанне, трэба вылучэнне адзінага кандыдата, і каб ён атрымаў рэальную перамогу над Лукашэнкам. Калі гэта адбудзецца, можна смела заклікаць людзей на Плошчу”.
Чарговыя прэзідэнцкія выбары чакаюць Беларусь у 2015 годзе.
Ян Бабіцкі, Белсат