Двое з 12 «палітычных» на Акрэсьціна трымаюць галадоўку
У менскім ізалятары на Акрэсціна ўтрымліваюць ня менш за 12 вязьняў, адносна якіх, паводле праваабаронцаў, быў ужыты прэвэнтыўны арышт напярэдадні Чарнобыльскага шляху і чэмпіянату сьвету па хакеі.
Паводле праваабаронцаў, ня меней за 12 парушальнікаў правапарадку, якія сядзяць цяпер у сталічным ізалятары на вуліцы Акрэсьціна, трапілі туды паводле палітычных прычын — каб не ўчынілі пратэставых акцый падчас Чарнобыльскага шляху, візыту ў Менск Уладзімера Пуціна і падчас чэмпіянату сьвету па хакеі.
Ёсьць дакладныя зьвесткі, што два з гэтых 12 — Максім Вінярскі ды Юры Рубцоў — трымаюць галадоўкі пратэсту.
Калі пра актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага дзяжурны ізалятару паведаміў 30 красавіка, што вязень з сухой галадоўкі перайшоў на звычайную, то адносна актывіста з Гомелю Юр’я Рубцова дакладных зьвестак няма, якую галадоўку ён трымае — «сухую» ці толькі не прымае ежу. На Акрэсьціна гэтыя зьвесткі не далі, але пацьвердзілі, што галадоўку Рубцоў працягвае.
«Не маю зьвестак. Ён нам нічога не паведамляў, ніякіх заяваў не рабіў. Проста адмаўляецца ад ежы, і ўсё.»
Карэспандэнт: «Толькі ад ежы, ці яшчэ і ад вады?»
«Ня ведаю. У такія нюансы я не ўнікаў. Нам ён нічога не абвяшчаў, афіцыйна нам нічога адносна яго не даводзілі».
Юры Рубцоў, які на Чарнобыльскім шляху быў у майцы з надпісамі «Лукашэнка, сыходзь» і «Арыштуйце мяне. Я супраць Лукашэнкі» 28 красавіка быў асуджаны на 25 сутак адміністрацыйнага арышту. У той жа дзень у Савецкім судзе Менску асудзілі яшчэ 7 удзельнікаў шэсьця, а таксама былога палітвязьня Аляксандра Францкевіча, затрыманага 25 красавіка, — яму далі 25 сутак, як і Рубцову. Па 20 сутак атрымалі Леанід Смоўж, былы маладафронтавец Дзяніс Карноў і ягоны сябар Аляксандар Курбацкі, сацыяльныя актывісты Валер Тамілін і Аляксандар Стукін. Актывіст зь Дзяржынскага раёну Мікалай Колас і масквіч, удзельнік чарнобыльскага шэсьця Ўладзімер Новікаў атрымалі па 15 сутак. Яны ўсе далучыліся да раней арыштаваных Ільлі Дабратвора, Максіма Вінярскага і Зьмітра Дашкевіча, якога 25 красавіка Першамайскі суд Менску асудзіў на 25 сутак за парушэньне правілаў прэвэнтыўнага нагляду і непадарадкаваньне міліцыі. Усіх іншых судзьдзі прызнавалі вінаватымі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні.
Праваабаронца Алёна Дубовік мае інфармацыю пра перадачы, якія сваякі перадалі Аляксандру Францкевічу, Валеру Таміліну, Аляксандру Стукіну і грамадзяніну Расеі Уладзімеру Новікаву.
«У іх зь перадачамі ўсё добра, прынялі, але каму казалі, што трэба прыносіць перадачы раз на 3 дні, а вось дзядулю Новікава сказалі, што толькі раз на 5 дзён. А гэтак ежу і ўсё бралі, што мы прынесьлі. Пры іх нічога не казалі. Дзядуля Новікава пытаўся, ці разам яны сядзець, дык нічога не адказалі. Сказалі, што ня ведаюць і ня маюць права казаць, калі б і ведалі. А маці Стукіна намагалася перадаць туды даміно, дык не ўзялі, сказалі, што там ёсьць шашкі».
Дачка Леаніда Смаўжа Тацяна Дырда таксама змагла перадаць перадачу. Тацяна кажа, што ліста ад бацькі няма:
«Перадачу ў мяне прынялі. Больш нічога ня ведаю пра бацьку. Напісаць яму не дазволілі. Ведаю, што атрымаў 20 сутак — і ўсё».
Леанід Смоўж, архіўнае фота
Гэта ўжо другая адседка былога чыгуначніка Леаніда Смаўжа на Акрэсьціна. Тацяна згадала, што мінулым разам, як вызваліўся, бацька апавядаў пра холад, дрэнныя санітарныя ўмовы і вошаў у ізалятары. Дачка вязьня спадзяецца, што гэтым разам будзе крыху лепш, бо ўсё ж стаіць цёплае надвор’е.
Асаблівасьцю новых правілаў прыёму перадач на Акрэсьціна ёсьць тое, што цяпер іх прымаюць толькі ад блізкіх сваякоў. Сваякі актывіста Мікалая Коласа зь Дзяржынскага раёну яшчэ не змаглі выправіцца ў Менск, каб адвезьці яму перадачу, паведаміў сябар Мікалая Сяргей. Ён спадзяецца, што маці вязьня зможа гэта зрабіць пасьля сьвятаў. Тое самае і адносна Юр’я Рубцова з Гомеля. Сябры актывіста, якія ім апякуюцца, шукаюць сваякоў Рубцова, каб празь іх арганізаваць для яго перадачу. Зьмітру Дашкевічу перадала перадачу ягоная жонка Наста Дашкевіч.
Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода
#minsk2014, #минск2014, #мінск2014, #worldcup2014, #hockey2014, #хоккей2014, #belarus2014, #icehockey2014