Актуальна

Дыктатура – гэта заўсёды вайна

Беларусь стала прыкладам для Расеі.

Артыкул галоўнага рэдактара charter97.org Наталлі Радзінай «Дыктатура – гэта заўсёды вайна» апублікавала найбуйнейшае міжнароднае анлайн-выданне Huffington Post.

Ужо працяглы час Захад знаходзіцца ў стане шоку ад ваеннай агрэсіі Расеі. Аналітыкі з усяго свету задаюцца пытаннем, як гэта магло адбыцца, чаму раптам іх нядаўні партнёр Уладзімір Пуцін ператварыўся ў агрэсара, які захоплівае тэрыторыі суверэнных еўрапейскіх дзяржаў.

Практычна ва ўсіх гэтых аналізах адсутнічае фактар Беларусі. Пра «апошнюю дыктатуру Еўропы» нібы забыліся. Як учора падчас рэвалюцыі ў Кіеве, так і сёння падчас вайны Украіны з Расеяй, ніхто з заходніх стратэгаў не ўспамінае дыктатуру Аляксандра Лукашэнкі, якая спарадзіла як карупцыйную аўтакратыю Віктара Януковіча, так і знешнюю і ўнутраную агрэсію рэжыму Уладзіміра Пуціна.

Адзін мой сябар, трэнер, неяк сказаў: калі спартсмен не можа падняць штангу ў 50 кілаграм, ён ніколі не падыме штангу ў 250 кілаграм. Так і Пуцін на працягу многіх гадоў выпрабоўваў Захад на трываласць, назіраючы за яго палітыкай у дачыненні да дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі ў суседняй Беларусі.

Беларускі дыктатар знаходзіцца ва ўладзе ўжо 20 гадоў. За гэтыя гады краіна паступова ператварылася ў дыктатуру лацінаамерыканскага ўзору. У нас ёсць свае канцлагеры – гэта цэлая сетка калоній і турмаў, дзе людзі знаходзяцца у свінскіх умовах, дзе ў дачыненні да зняволеных масава прымяняюцца здзекі і катаванні. У краіне дзейнічаюць «эскадроны смерці», якія выкрадаюць і забіваюць палітыкаў, бізнесменаў, грамадскіх дзеячаў, журналістаў.

Беларускі народ практычна ў адзіночку супрацьстаяў таталітарызму, які падтрымліваецца з Масквы. Неаднаразова дзясяткі тысяч грамадзян Беларусі выходзілі на вуліцы гарадоў, каб адстаяць сваю свабоду і годнасць. За два дзесяцігоддзі сотні тысяч актыўных грамадзян прайшлі праз турмы. Адных кідалі за краты, каб змоўклі і не змагаліся за правы і свабоды, іншых – каб адабраць бізнес і падавіць любую ініцыятыву і грамадзянскую актыўнасць. Адзін з вынікаў запалохвання бізнесу – беларуская апазіцыя сёння цалкам пазбаўленая ўнутранага фінансавання.

У Беларусі няма свабодных выбараў, незалежнага парламента, незалежнай судовай сістэмы, знішчаная свабода слова. Уся злачынная вертыкаль падпарадкаваная Лукашэнку і яго сям\’і. У «сям\’ю» ўваходзяць двое старэйшых сыноў, якія разам з бацькам кантралююць усе галіны ўлады, а таксама алігархічны бізнес, які дапамагае ім карміцца ад розных здзелак, у тым ліку, ад продажу нафтапрадуктаў Захаду

Так-так, усе гэтыя 20 гадоў дыктатуру ў Беларусі ўтрымоўвала не толькі Расея, якая ўпампоўвала ў яе беззваротныя крэдыты, нафту і газ, але і часткова Захад праз карупцыйныя здзелкі шэрагу еўрапейскіх бізнесменаў, куплю нафтапрадуктаў і калію, а таксама кантрабанду зброі краінам-ізгоям.

Дэмакраты Беларусі шмат гаварылі і заклікалі Еўразвяз і ЗША звярнуць увагу на дыктатуру: увесці рэальныя, а не сімвалічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, спыніць даваць яму крэдыты. На жаль, еўрапейскія бюракраты не пайшлі далей заяваў аб «глыбокай заклапочанасці» і слабых санкцый, якія ні на што не ўплываюць. Вынік гэтай слабасці – змардаваная рэпрэсіямі, пазбаўленая 20 гадоў жыцця нацыя і «лукашызацыя» ўсяго рэгіёну.

Адкуль у дэмакратычнай Украіне пасля перамогі Аранжавай рэвалюцыі зноў узнік Януковіч? Чаму дэмакратыя так хутка скацілася ў дыктатуру? Таму што сусед Лукашэнка – гэта прыклад беспакаранасці, які развязаў рукі ўладарам на постсавецкай прасторы.

Вы думаеце Януковіч першы страляў па мірных дэманстрантах? Першым страляў Лукашэнка ў 2006 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў. Тады супраць людзей, якія выйшлі пратэставаць супраць фальсіфікацый, кінулі спецпадраздзяленні з вінтоўкамі.

Сілавое супрацьстаянне на кіеўскім Майдане пачалося пасля правакацый, падобных на тыя, што ўчынілі беларускія спецслужбы ўжо на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Тады гэта дазволіла Лукашэнку жорстка здушыць мірны шматтысячны пратэст у цэнтры Менска і арыштаваць усіх незалежных кандыдатаў у прэзідэнты.

Беларусь таксама стала прыкладам для Расеі. Пуцін убачыў, што тыран нават такой невялікай краіны як Беларусь можа дазволіць сабе ўсё. «Зачыстка» апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Расеі сёння адбываецца па лукашэнкаўскім сцэнары: прымаюцца тыя ж драконаўскія законы, прымяняюцца тыя ж метады знішчэння незалежных СМІ і палітычна актыўных грамадзян. Усё, што дзесяцігоддзямі «абкатвалася» ў Беларусі, сёння ўзята на ўзбраенне пуцінскай хунтай.

Палітыка папушчальніцтва, адсутнасць выразнай стратэгіі і нежаданне заўважаць тэндэнцыі ўзмацнення дыктатур на постсавецкай прасторы паставілі свет перад пагрозай вайны. Хоць вайна ўжо ідзе. Пакуль для ўкраінскага народа, але неўзабаве расейскія войскі могуць уварвацца ў Малдову. Не застрахаваныя ад ваеннай інтэрвенцыі і краіны Балтыі. Хто ў 1936 годзе ведаў, якія планы выношвае Гітлер?

Адным з нямногіх саюзнікаў Пуціна ў гэтай вайне разам з Кім Чэн Ынам стаў, вядома, і Аляксандр Лукашэнка. Акрамя таго, што сёння на тэрыторыі Беларусі размешчаныя расейскія базы сачэння, сюды былі перакінутыя больш за 20 расейскіх знішчальнікаў і некалькі транспартных самалётаў. Не варта забываць, што ў Расеі і Беларусі таксама агульная сістэма СПА, і ўсе самалёты і ракетныя ўстаноўкі – двайнога прызначэння («паветра-зямля»).

Больш за тое, ёсць інфармацыя, што ў Беларусі ўжо некалькі гадоў служаць салдаты і афіцэры расейскай арміі. Расейскія вайскоўцы апранутыя ў форму беларускіх узброеных сіл, ажыццяўляючы службу ва ўласных воінскіх падраздзяленнях, і падпарадкоўваюцца расейскаму камандаванню.

Напярэдадні ўкраінскага крызісу падчас сумесных беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў адпрацоўвалася нанясенне ядзерных удараў па Варшаве і прарыў праз тэрыторыю Літвы да Калінінграда.

Няма ніякіх сумневаў, што ў выпадку прамога ўварвання расейскай арміі на тэрыторыю Украіны, удар па Кіеве можа быць нанесены, у тым ліку, з поўначы – з тэрыторыі Беларусі. Інфармацыя аб перамяшчэнні войскаў па тэрыторыі краіны ў бок украінскай мяжы паступае рэгулярна.

Усе заявы Лукашэнкі пра нейкую самастойнасць – не больш чым бравада і жаданне патаргавацца з Захадам. Марыянэтка Крамля неадкладна выканае любы загад Пуціна.

«Што б я ні рабіў цяпер, размаўляючы з Украінай, Захадам, Усходам і гэтак далей, калі мы тычымся Расеі, то я ніводнага кроку не раблю без узгаднення з кіраўніцтвам Расейскай Федэрацыі», – сказаў Лукашэнка ўжо праз тыдзень пасля сустрэчы з в.а. прэзідэнта Украіны Аляксандрам Турчынавым.

Фактычна дыктатарская Беларусь сёння стала расейскім пратэктаратам. І ўжо няма сумневаў, што ў выпадку народных пратэстаў у Беларусі абараняць Лукашэнку будзе расейская армія. Тая самая расейская армія, якая сёння акупуе і расколвае Украіну, народ якой паспрабаваў выбраць самастойны шлях свабоды і дэмакратыі.

Пуцін сапраўды аднаўляе Савецкі Саюз, які паваліўся пад цяжарам невырашальных эканамічных праблем. Але ў небяспецы сёння не толькі Украіна, Беларусь, Малдова або краіны Балтыі.

У свеце зноў ідзе «барацьба паміж праўдай і няпраўдай, паміж дабром і злом» – барацьба, у якой нельга адмаўляцца ад прынцыпаў.

Наталля Радзіна, «Huffington Post»