Актуальна

Дзе абяцаны Лукашэнкам заробак у $1000? (+ відэа)

«Да 15-га года мы павінны наблізіць памеры заробку да 1000 даляраў у эквіваленце», – паабяцаў Аляксандр Лукашэнка ў 2010 годзе.

2015-ы прыйшоў, але нават у сталіцы і нават 500 даляраў атрымлівае далёка не кожны. Сярэдні заробак у траўні склаў Br 5,2 мільёна, што ў пераліку складае $350. Прыбыткі ж большасці беларусаў не дацягваюць нават да гэтай планкі, паведамляе тэлеканал «Белсат».

Зніжэнне ўзроўню жыцця канстатуе і афіцыйная статыстыка. Паводле падлікаў Белстата, на працягу студзеня-траўня рэальныя грашовыя прыбыткі насельніцтва ўпалі на 5% у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года. Што тычыцца абяцанай сумы, то $500 і больш у гэты час атрымліваў толькі кожны пяты работнік, а кожны трэці – палову ад гэтай сумы.

Са слоў прафсаюзнага лідара Аляксандра Ярашука, у вёсках і пасёлках мараць аб такіх заробках.

«Сітуацыя на перыферыі крытычная. І з пункту гледжання працы, і з пункту гледжання заробкаў. Там нават 2 мільёны зарплаты лічацца нядрэннай сумай», – сказаў ён.

З прычыны дрэннага стану эканомікі экспэрты не прагназуюць перадвыбарчага «прыступу шчодрасці», які стаў ужо традыцыяй прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі.