Актуальна

Дзе тут логіка?

Мінгарвыканкам забараніў групе грамадзян праводзіць на тэрыторыі Мінска масавыя мерапрыемствы толькі таму, што тыя прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці!

Міжволі напрошваецца пытанне, а калі заўтра забароняць арганізоўваць масавыя мерапрыемствы, напрыклад, бландынам, як быць, бегчы ў цырульню? Скажаце, такога не можа быць? Абараняючы неяк у судзе права на мірны сход, я заявіў, што ў суд ехаў у перапоўненым тралейбусе. Іншымі словамі, знаходзіўся сярод вялікай колькасці людзей, аднак гарадскія чыноўнікі не патрабуюць ад кожнага пасажыра аплаты паслуг міліцыі, медыцыны і уборкі тралейбуса. Чаму тады гэтыя патрабаванні заканадаўча замацаваны для грамадзян, якія маюць намер сабрацца на адкрытым паветры? У тым ліку і ў адзіночным пікеце! У заканадаўца што, наогул з уяўленнем туга?

Уяўляеце сітуацыю, стаю я ў адзіночным пікеце з лозунгам «Патрабую роўнасці ўсіх перад Законам!», а побач са мною амапаўцы, хуткая дапамога, людзі з венікамі ў жоўтых накідках … Абсурд?

Не менш абсурдна выглядае і апісаная сітуацыя. Хай даруе мне Мікола Статкевіч, яму за так званыя «масавыя беспарадкі» (за якія ён у турме сваё выпакутаваў) наш заканадавец дазволіў праводзіць масавыя мерапрыемствы, а вось леташнюю «адміністрацыйку» не даруе. Дзе тут логіка?

Чытаў недзе, каб прывучыць немцаў да парадку, Гітлер загадваў расстрэльваць за безбілетны праезд прама на прыпынках. Жудасна? Затое парадак навялі, я гэта таксама дзесьці чуў …

Леанід Судаленка, Фэйсбук