Навіны

Дзень народзінаў палітвязня

Трэці дзень народзінаў за кратамі. Экс-кандыдату на прэзідэнцтва Міколу Статкевічу споўнілася 57 гадоў. Жонка зняволенага Марына Адамовіч значную частку дня правяла тут, ля сценаў магілёўскай турмы. Як правёў свой дзень народзінаў Мікола, яна можна толькі здагадвацца.

Глядзець відэа Глядзець відэа

МАРЫНА АДАМОВІЧ, ЖОНКА М. СТАТКЕВІЧА:
“На вялікі жаль, у сітуацыі Міколы нічога не змянілася. Ён па-ранейшаму застаецца ў следчым корпусе. У гэтым корпусе камунікацыі няма ніякай. Ён можа кантактаваць толькі з ахоўнікамі ды адзіным суседам з камеры”.

Нягледзячы на гэта тысячы неабыякавых людзей цягам апошніх дзён напісалі палітвязню паштоўкі з віншаваннямі. Аднак, як стала вядома сёння пасля сустрэчы зняволенага з адвакатам, большасці лістоў Мікола Статкевіч не атрымаў. Да таго ж, на меркаванне жонкі палітвязня, улады турмы працягваюць ціснуць на яго – гэтым разам, адмаўляючы ў медычнай дапамозе. Хоць сітуацыя застаецца сур\’ёзнай…

МАРЫНА АДАМОВІЧ, ЖОНКА М. СТАТКЕВІЧА:
“Мікола вельмі мала піша пра сябе. Звычайна гэта кароткія звесткі: у мяне ўсё нармальна”.

Па-ранейшаму цвёрдаю застаецца і пазіцыя Міколы Статкевіча. Не паддаўшыся на ціск і правакацыі, ён адзіны сярод экс-кандыдатаў на прэзідэнцтва, хто катэгарычна адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Асуджаны на шэсць гадоў зняволення за ўдзел у паслявыбарчай дэманстрацыі ў Менску ў 2010 годзе – вінаватым сябе не лічыць.

АНДРЭЙ КАБАНАЎ, БЛОГЕР:
“У выпадку са Статкевічам я бачу адзінага лідара, які застаўся верны свайму слову. Годны чалавек, скала. Ён бы мог быць на волі сёння, але ён гэтак не зрабіў”.

Кампанія прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Мікалай Статкевіч атрымоўвае афіцыйнае пасведчанне кандыдата на прэзідэнцтва. Цяпер ён атрымаў магчымасць звярнуцца да шырокай масы выбарнікаў. На адрас афіцыйных уладаў гучаць словы вострай крытыкі. Самых жа грамадзянаў Статкевіч заклікаў выйсці на Плошчу, каб патрабаваць дэмакратычных выбараў. Сёння мала хто сумняецца ў матывах зняволення былога кандыдата на прэзідэнцтва.

АПЫТАННЕ:
“Пасадзілі чалавека за нішто. Я веру, што аднойчы справядлівасць пераможа”.
“Ён за справядлівасць пацярпеў! І ўсё!”
“Ён незаконна сядзіць!”

Справа Міколы Стакевіча ўсцяж прыцягвае ўвагу на Захадзе. Еўрапейскі Звяз неаднойчы заклікаў улады Беларусі вызваліць і рэабілітаваць усіх палітзняволеных. Адзін з праектаў – кампанія “2free”, якую ініцыяваў еўрадэпутат з Польшчы Марэк Мігальскі. Мэта – распаўсюд інфармацыі ды маральнае падтрыманне палітзняволеных Міколы Статкевіча і Змітра Дашкевіча. Сёння польскі палітык далучыўся на віншаванняў.

МАРЭК МІГАЛЬСКІ, ЕЎРАДЭПУТАТ:
“Я хацеў бы павіншаваць спадара Міколу Статкевіча і пажадаць яму як мага хутчэй апынуцца на волі. Я таксама жадаю, каб вольнаю была ўся Беларусь. Я ведаю, што яму гэта найбольш баліць. Нават больш за ягоную ўласную свабоду”.

У Беларусі ж віншавальныя акцыі будуць працягвацца яшчэ бліжэйшымі днямі. Салідарнасць з Міколам Стакевічам выказвае і наш тэлеканал. Сёння ў нашым эфіры адразу пасля інфармацыйнага блоку можна паглядзець дакументальны фільм “Дарога Статкевіча”.

Ян Бабіцкі, «Аб\’ектыў», Белсат ТВ