Навіны

Дзядок Мікалай

Вызвалены 22 жніўня 2015 г.

Мікалай Дзядок нарадзіўся 23 жніўня 1988 году ў г. Брагіне на Гомельшчыне. Пасьля школы скончыў юрыдычны каледж БДУ. Працаваў у калектарскай фірме. На момант арышту быў студэнтам 2-га курсу завочнага аддзяленьня праграмы “Паліталёгія і эўрапейскія дасьледаваньні” Эўрапейскага гуманітарнага ўніверсытэту. Пасьля затрыманьня ў верасьні 2010 году Мікалая трымалі ў ізалятары па 3 дні, а пасьля “перазатрымлівалі” па новых справах: аб хуліганстве, нават крадзяжы — але абвінавачаньне не прад’яўлялі да кастрычніка.

Храналёгія перасьледу

Мікалай Дзядок быў затрыманы 3 верасьня 2010 году ў якасьці падазраванага па справе аб “нападзе на амбасаду Расейскай Фэдэрацыі” у ноч на 31 жніўня ў Менску. Праваахоўныя органы Беларусі арыштавалі маладога чалавека на трое сутак і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Не сабраўшы дастатковай колькасьці доказаў, якія б пацьвярджалі дачыненьне Мікалая да вышэйназванай справы, праваахоўныя органы працягнулі тэрмін яго ўтрыманьня ў ізалятары часовага ўтрыманьня, але гэтым разам па абсалютна іншай справе (“аб нападзе на Дом прафсаюзаў”).

Аднак калі абвінавачаньне ў яго дачыненьні ізноў не набыло належнай падставы, Мікалай ужо трэцім разам быў затрыманы як падазроны па справе “аб нападзе на аддзяленьне “Беларусбанку”.

Пасьля таго, як усе магчымасьці да прад’яўленьня ўцямных нагодаў да затрыманьняў былі вычарпаныя, Мікалаю сталі прыпісваць іншыя супрацьпраўныя дзеяньні, у прыватнасьці, крадзяжы і хуліганства.

24 верасьня 2010 г., фактычна адбыўшы больш за 20 сутак пад арыштам, Мікалай Дзядок быў абвінавачаны ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі каля Генштабу Беларусі, і 1 кастрычніка яму было прад’яўленае абвінавачаньне па артыкуле 339 ч. 2 — “хуліганства”.

27 траўня 2011 г. у Заводзкім судзе гораду Менску судзьдзя Жанна Хвайніцкая вынесла Мікалаю прысуд — 4,5 гады пазбаўленьня волі (г.зв “справа анархістаў”). Да гэтага моманту Мікалай Дзядок ужо больш за 8 месяцаў знаходзіўся пад арыштам.

Адбываў пакараньне ў Магілёўскай калёніі № 15.

У 2012 годзе быў пераведзены ў калонію №17 у Шклоў.

У канцы траўня 2012 г. паводле рашэньня начальніка Шклоўскай калёніі № 17 Мікалай Дзядок быў пераведзены ў памяшканьне камэрнага тыпу, так званы “БУР” (“адзіночку”), на паўгода. Да гэтага яго неаднаразова прымушалі пісаць прашэньні аб памілаваньні. Мікалай таксама пазбаўлены доўгатэрміновага спатканьня з маці і жонкай, якое раней было дазволенае ў чэрвені. За час знаходжаньня ў Бабруйскай і Шклоўскай калёніях Мікалай атрымаў больш за 10 спагнаньняў за розныя надуманыя парушэньні, кшталту “няправільна адрэагаваў на заўвагу”, і ня змог трапіць пад амністыю.

4 сьнежня 2012 г. стала вядома, што адмысловая камісыя калёніі прыняла рашэньне аб пераводзе Мікалая Дзядка ў крытую турму. Прычынай абвешчаныя шматлікія спагнаньні за парушэньне дысцыпліны, якіх палітвязьню прад’яўлена ажно 22.

З кастрычніка 2014 года знаходзіцца ў адзіночнай камеры турмы №4.

13 лістапада 2014 года, за 3,5 месяцы да сканчэння 4,5 гадовага тэрміну зняволення, супраць Мікалая Дзядка была ўзбуджаная новая крымінальная справа па арт. 411 за “злоснае непадпарадкванне патрабаванням адміністрацыі”. Па гэтым артыкуле яму пагражае да аднаго года зняволення дадаткова. Асноўнымі парушэннямі, на яія спасылаецца следства, было знаходжанне ў камеры ў спартовым касцюме.

• • • • • • • 

У лістападзе 2014 года, за 3 месяцы да сканчэньня тэрміну, на Мікалая Дзядка завялі новую крымінальную справу за “парушэньне рэжыму адбыцьця пакараньня”. 26 лютага 2015 года суд працягнуў яго зняволенне на 1 год і 3 дні.

12 мая стала вядома, што Мікалая Дзядка перавялі ў папраўчую калонію №9 г. Горкі.


22 жніўня 2015 г. стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка памілаваў шасцярых палітвязняў — Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Міколу Статкевіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Юрыя Рубцова. У паведамленні адзначаецца, што рашэнне пра іх памілаванне прынятае паводле “прынцыпа гуманізму”.

 

Дэталі

Прозьвішча, імя, імя па бацьку:
Дзядок Мікалай Аляксандравіч.

Дата нараджэньня:
23 жніўня 1988 г.

Мера стрыманьня да суда:
пад вартай з 3 верасьня 2010 г.

Артыкул:
ч. 2 арт. 339 КК РБ (хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў).

Калі і кім асуджаны: 
27 траўня 2011 судом Заводзкага раёну Менску. Судзьдзя — Жанна Хвайніцкая, пракурор — Артур Мірошнік.

Санкцыя:
4,5 гады ў калёніі агульнага рэжыму + 1 год і 3 дні.

Грамадзянства:
Рэспубліка Беларусь.

Паштовы адрас:
212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, СТ-4

З 12 мая 2015 года:
213410, Магілёўская вобл., г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16, ПК-9.