Дзяніс Садоўскі: Улада навучылася праводзіць выбары без грамадзянаў
Кампанія «За справядлівыя выбары» падвяла вынікі выбарчай кампаніі.
Ні справядлівымі, ні свабоднымі, ні раўнапраўнымі гэтыя выбары назваць нельга, — лічаць удзельнікі кампаніі.— Абвешчанай ЦВК яўкі ў амаль 75% не было, у буйных гарадах выбары не адбыліся. Нацыянальны каардынатар кампаніі Віктар Карняенка прывёў прыклады шматлікіх стандартных парушэньняў заканадаўства ў дзень выбараў: назіральнікаў масава выдалялі з участкаў — за тое, што быццам бы перашкаджалі працаваць камісіі, жадаючы бачыць, як ідзе падлік галасоў; забаранялі кантраляваць галасаваньне на даму.
Галоўныя высновы, якія зрабіў спадар Карняенка:
«Улада нічога зьмяняць не зьбіраецца. Выбараў у Беларусі няма. Другая выснова — яўкі на тых участках, якія змаглі мы пракантраляваць, не было. Там, дзе была магчымасьць назіральнікам прысутнічаць пры падліку галасоў, — таксама ўладныя кандыдаты не перамагалі. Адкуль узяўся такі працэнт яўкі — 75%? Мне здаецца, тут улада дэманструе: усё, што захочам, тое і зробім».
Аляксандар Сілкоў, давераная асоба незалежнага кандыдата па Сьвіслацкай выбарчай акрузе № 94 Уладзімера Навасяда, прывёў такі прыклад:
«Калі падлічылі вынікі па 28 участках, за яго было 50,04%. Праз 3 гадзіны прывезьлі новыя пратаколы. У нас ёсьць фотапацьверджаньне. Мы сфатаграфавалі адзін пратакол, а прывезьлі зусім іншы».
Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін адзначыў, што ўлада з самага пачатку разумела, што ў яе няма падтрымкі, таму кампанія была брутальная. Да ўсіх дэмакратычных кандыдатаў наведваліся спэцслужбы, запалохвалі іх сваякоў, і з гэтай прычыны некаторыя вымушаныя былі зьняцца з дыстанцыі.
«Людзям у Беларусі ўсё менш і менш падабаецца гэтая ўлада, людзі ўсё разумеюць. Людзі ня вераць у выбарчую сыстэму, ня вераць у афіцыйныя вынікі, ігнаруюць і на выбары ня ходзяць. Абвешчанай ЦВК яўкі не было, асабліва ў буйных гарадах. Яе проста зрабілі, зрабілі самым брутальным чынам. Улада зразумела, што ёсьць усёдазволенасьць, ні за што не давядзецца адказваць. І проста нахабна робяць злачынства і не баяцца».
Сябра аргкамітэту дзеля стварэньня партыі БХД Дзяніс Садоўскі кажа:
«Сёньняшняя ўлада навучылася праводзіць выбары без грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Лічбы проста прыпісваюцца. Участковыя камісіі дапісвалі ад 10 да 50% нерэальных людзей, якія не прыходзілі на ўчасткі. Па Менску, паводле нашых зьвестак, яўка склала 39,4%, па краіне — 44,7%».
Але на гэтых выбарах былі і новыя тэхналёгіі, якія раней у Беларусі не выкарыстоўваліся, адзначыў Віктар Карняенка:
«Фактычна была забарона давераным асобам прадстаўляць сваіх кандыдатаў; падчас самой кампаніі былі ўнесеныя зьмены ў правіла яе правядзеньня Цэнтравыбаркамам; увядзеньне афіцыйнай цэнзуры на выступленьні ў тэле- і радыёэфіры; цалкам новая для Беларусі зьява — „карусель“; таксама заахвочваньне выбарцаў прадуктовымі наборамі і нават півам. Усё гэта сьведчыць пра тое, што ва ўлады ёсьць праблемы».
Аляксандар Сілкоў, які ў дзень выбараў ад пачатку да канца быў на ўчастку, кажа, што ня бачыў ніводнага студэнта ці людзей маладога і сярэдняга ўзросту:
«У дзень выбараў ішлі тыя людзі сталага веку, якія заўсёды ходзяць галасаваць. І пачалася „карусэль“, якая пазьней ужо выклікала сьмех. Мы выходзілі на ганак і казалі людзям: ну колькі ўжо можна хадзіць галасаваць? Настаўніцы хадзілі ад школы да школы. Потым 15 чалавек прывезьлі на грузавым ГАЗе. Калі мы пачалі тэлефанаваць у пракуратуру, яны пераселі ў машыны. Потым пачалі пешшу хадзіць».
На ўчастку № 594 Усходняй выбарчай акругі № 107 выбары не адбыліся, старшыня камісіі пасьля падліку галасоў гэта абвясьціў і вывесіў пратакол на стэнд,— распавёў Дзяніс Садоўскі:
«Як толькі ён павесіў пратакол, падбег імгненна адзін зь сябраў гэтай камісіі, сарваў яго і зьбег. Нашы назіральнікі адразу накіраваліся ў акруговую камісію, пасьля трох гадзін знаходжаньня там ім заявілі, што выбары на дадзеным участку адбыліся, і назвалі зусім іншыя лічбы яўкі. Але ў нас ёсьць відэа абвяшчэньня першасных вынікаў, і яно будзе выстаўлена ў адкрыты доступ у інтэрнэце».
Ніводзін з дэмакратычных кандыдатаў у парлямэнт не прайшоў. Кандыдат у дэпутаты па Аршанскай-Дняпроўскай выбарчай акрузе Мікалай Петрушэнка робіць выснову:
«У нас зноў атрымаўся стэрыльны парлямэнт, і гэты стэрыльны парлямэнт ня можа служыць процівагай выканаўчай уладзе. То бок у нашай дзяржавы як сыстэмы няма процідзеяньня і забесьпячэньня жыцьцяздольнасьці».
Кампанія «За справядлівыя выбары» ставіла перад сабой дзьве задачы: паўплываць на выбары і зафіксаваць парушэньні. Паўплываць не ўдалося, падсумоўвае Сяргей Калякін, але з другой задачай кампанія справілася. Назапашаны вялікі багаж інфармацыі, канкрэтных фактаў парушэньняў, ёсьць дакумэнтальныя сьведчаньні і відэадоказы, якія будуць абнародаваныя.