Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, якая асуджае сітуацыю ў Беларусі
Мінск, 29 сакавіка. Сёння на пасяджэнні ў Бруселі Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, якая асуджае сітуацыю ў Беларусі. Дэпутаты прагаласавалі за прыняцце рэзалюцыі з усімі прапанаванымі папраўкамі.
Перад галасаваннем польскі еўрадэпутат Марак Мігальскі нагадаў, што два тыдні таму Еўрапарламент вырашыў адкласці прыняцце рэзалюцыі па Беларусі.
“На наступны дзень пасля таго, як мы адклалі галасаванне, стала вядома, што пакараныя двое маладых людзей (асуджаныя па справе аб тэрарызме Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. — БелаПАН.), якім прэзідэнт Лукашэнка адмовіў у памілаванні”, — сказаў Мігальскі. “Я гаварыў, што перанос галасавання будзе ўспрыняты як наша слабасць, і меў рацыю. Сёння я заклікаю вас галасаваць за прыняцце рэзалюцыі, каб паказаць нашу салідарнасць з беларусамі”, — дадаў ён.
Затым выступіў яшчэ адзін польскі дэпутат, віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента Яцак Пратасевіч. “Я не згодны, што гэта (перанос галасавання. — БелаПАН.) было нашай слабасцю. Больш за тое — невядома, калі яны былі забітыя. Аднак два тыдні таму мы спадзяваліся, што будуць пазітыўныя сігналы (з боку беларускіх улад. — БелаПАН.). Іх няма, і мы павінны дзейнічаць рашуча”, — падагуліў Пратасевіч.
Поўны тэкст рэзалюцыі па Беларусі павінен быць апублікаваны на сайце Еўрапарламента.