Навіны

Еўрапейскія гульні ў краіне палітвязняў

Праваабаронцы заклікалі ўрады краін Еўропы ўжыць захады для вызвалення палітычных зняволеных у Азербайджане, дзе праз тыдзень пачынаюцца першыя ў гісторыі Еўрапейскія гульні.

Пра гэта гаворыцца ў заяве Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека, атрыманай сайтам charter97.org.

За тыдзень да цырымоніі адкрыцця першых Еўрапейскіх гульняў у гісторыі кантынента, FIDH заклікае лідараў Еўрапейскіх краін абумовіць свой удзел у цырымоніі адкрыцця Гульняў вызваленнем палітычных зняволеных і актывістаў, якія чакаюць судовага працэсу паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў.

«У кантэксце сітуацыі, якая склалася, удзел прадстаўнікоў урадаў еўрапейскіх краін у цырымоніі адкрыцця Гульняў стане абразай для пазбаўленых волі актывістаў у Азербайджане і для ўніверсальных каштоўнасцяў, за якіх яны змагаюцца, рызыкуючы сваёй свабодай і бяспекай», – заявіў прэзідэнт FIDHКарым Лахіджы.

FIDH асуджае беспрэцэдэнтную расправу ўладаў Азербайджана над грамадзянскай супольнасцю сваёй краіны. Нагадваем, што летась, напярэдадні Гульняў у Баку, большасць кіраўнікоў незалежных НДА былі арыштаваныя. Іх адвакаты падвяргаюцца пераследу, некаторыя таксама арыштаваныя з мэтай пазбаўлення актывістаў заканадаўча замацаванага права на юрыдычную абарону. Новыя заканадаўчыя змены жорстка абмяжоўваюць правы грамадзян і робяць практычна немагчымымі рэгістрацыю і нармальнае функцыянаванне незалежных арганізацый: замарожваюцца іх банкаўскія рахункі, фінансаванне замежнымі арганізацыямі абвешчанае незаконным за выключэннем тых выпадкаў, калі яно дазволенае дзяржаўнымі органамі краіны. Еўрапейскія гульні могуць спрыяць далейшаму пагаршэнню трывожнага становішча з правамі чалавека ў Азербайджане, улічваючы імкненне ўладаў скарыстацца спартовым мерапрыемствам для паляпшэння іміджу краіны і ў сувязі з гэтым спарадзіць яшчэ большую нецярпімасць да ўсякіх крытычным выказванняў або іншадумства.

У красавіку 2015 года, за два месяцы да пачатку Гульняў, два выдатныя праваабаронцы – Расул Джафараў і Інтыгам Аліеў – былі прысуджаныя адпаведна да 6,5 і 7,5 гадоў пазбаўлення волі за сваю барацьбу за такія асноўныя правы чалавека, як свабода выказвання меркаванняў, свабода асацыяцый і права на справядлівы і бесстаронні судовы разгляд. Цэлы шэраг іншых праваабаронцаў апынуліся за кратамі ў 2014 годзе, сярод іх Лэйла Юнус і Арыф Юнус, вядомыя абаронцы правоў нацыянальных меншасцяў, якія актыўна ўдзельнічалі ў міратворчых намаганнях у кантэксце канфлікту паміж Азербайджанам і Арменіяй. Незалежныя журналісты Хадзіджа Ісмайлова, Раўф Міркадыраў і Сеймур Хазіеў таксама былі затрыманыя ўладамі ў мінулым годзе. Старшыня НВА ў назіранні за выбарамі Анар Мамедлі і абаронца правоў талышскай меншасці Хілал Мамедаў асуджаныя і цяпер адбываюць працяглыя тэрміны пазбаўлення волі, а абаронца правоў журналістаў і свабоды прэсы Эмін Гусейнаў з жніўні 2014 вымушаны знаходзіцца ў пасольстве Швэйцарыі, бо яму пагражае пазбаўленне волі паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў.

Улады працягваюць жорстка пераследаваць палітычную апазіцыю. Апазіцыйным партыям адмаўляюць у рэгістрацыі, а іх чальцоў прысуджаюць да турэмных тэрмінаў, у адсутнасць справядлівага судовага разбору. У 2014 годзе апазіцыйныя палітычныя дзеячы Ільгар Мамедаў і Тофік Ягублу былі прысуджаныя адпаведна да сямі і пяці гадоў пазбаўлення волі за крытычныя выступы на адрас ўрада. Нядаўна два чальцы апазіцыйнай Партыі Нацыянальнага Фронту Азербайджана, Мурад Адылаў(прысуджаны 14 траўня 2015 года) і Эльвін Абдулаеў (прысуджаны 1 чэрвеня 2015) былі асуджаныя да шасці гадоў пазбаўлення волі кожны, паводле палітычна матываваных абвінавачанняў.

«Заканадаўчыя перашкоды, нацэленыя на выкараненне незалежнай грамадзянскай супольнасці, судовы пераслед актывістаў і іх адвакатаў і адвольныя затрыманні іншадумцаў супярэчаць духу і літары Алімпійскай хартыі. Урад Азербайджана надае выключна важнае значэнне будучым Еўрапейскім гульням, разглядаючы іх як магчымасць палепшыць сваю рэпутацыю і імідж на міжнароднай арэне. Менавіта таму Гульні ўяўляюць для еўрапейскіх урадаў ідэальную магчымасць змяніць да лепшага становішча з правамі чалавека ў Азербайджане. FIDH заклікае ўрады краін Еўропы заявіць, што іх прысутнасць на цырымоніі адкрыцця Гульняў залежыць ад таго, ці будуць выпушчаныя на свабоду ўсе адвольна асуджаныя і затрыманыя актывісты грамадзянскай супольнасці», – гаворыцца ў заяве.

FIDH з\’яўляецца міжнароднай праваабарончай НДА, якая аб\’ядноўвае 178 арганізацый у 120 краінах. З 1922 года FIDH выступае ў абарону ўсіх грамадзянскіх, палітычных, эканамічных, сацыяльных і культурных правоў, у адпаведнасці з тым, як яны прадстаўленыя ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

charter97.org