Эўракамісар Ган у Менску: важны візыт зь незразумелымі вынікамі
Казаць пра вынікі афіцыйнага візыту ў Беларусь эўракамісара па пытаньнях пашырэньня і палітыцы суседзтва Ёганэса Гана пакуль заўчасна.
Такой думкі прытрымліваюцца экспэрты.
Палітоляг-міжнароднік Андрэй Фёдараў адзначыў у інтэрвію Радыё Свабода, што фактычна пра вынікі сустрэч эўракамісара з Уладзімерам Макеем і Аляксандрам Лукашэнкам вядома мала. Пра нейкія дамоўленасьці не паведамляецца, у СМІ трапілі толькі некаторыя цытаты суразмоўцаў. Таму казаць пра нейкі прарыў у беларуска-эўрапейскіх адносінах у выніку візыту Ёганэса Гана ў Менск нельга.
«Пакуль што заўчасна так сьцьвярджаць, бо, зноў жа, мы ня ведаем вынікаў: да чаго бакі дамовіліся. Так, гэта крок наперад у параўнаньні з тым, што было яшчэ прыкладна паўгода таму. Але сьцьвярджаць, што тут нейкі прарыў, я б асьцярогся», — адзначае Фёдараў.
Дырэктар Цэнтру Эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораўу размове з Радыё Свабода зьвярнуў увагу на тое, што візыт эўракамісара адбываўся ў кантэксьце падрыхтоўкі да саміту «Ўсходняга партнэрства» ў Рызе, а таксама ў час перагляду эўрапейскай палітыкі суседзтва ў цэлым.
«Сёньня Эўразьвяз хоча пэўным чынам упэўніцца ў наяўнасьці ў беларускіх уладаў нейкай палітычнай волі да рэформаў і волі да збліжэньня з Эўразьвязам, а таксама далейшых плянаў уладаў наконт удзелу ва „Ўсходнім партнэрстве“ — на што яны гатовыя, на што не гатовыя і ў якім фармаце гэта можна працягваць далей. Прыкладна ў гэтым і ёсьць сутнасьць гэтага візыту», — кажа Ягораў.
Лукашэнка, у сваю чаргу, якраз выступіў з прапановай перафарматаваць праграму «Ўсходняе партнэрства» «з звычайнай палітыкі да больш цеснага канкрэтнага супрацоўніцтва, заснаванага на вырашэньні эканамічных праблемаў». Але ці гатовыя ў Эўразьвязе да падобнага перафарматаваньня?
Паводле слоў Ягорава, заява Лукашэнкі, у прынцыпе, адпавядае тым больш гнуткім і дыферэнцыяваным падыходам, да якіх схіляюцца цяпер у Эўразьвязе.
Сёньня ў ЭЗ якраз і абмяркоўваецца магчымасьць таго, каб фармат супрацоўніцтва з краінамі-партнэрамі вызначаўся ў залежнасьці ад прапаноў і амбіцыяў саміх краін-партнэраў. «Ёсьць меркаваньне, што неабходна забясьпечыць такі фармат супрацоўніцтва, у якім гэтыя краіны сапраўды б жадалі тых рэформаў, якія ўзгадняюцца з ЭЗ, каб яны не імітавалі працэс збліжэньня, а нешта рэальнае рабілі», — адзначае палітоляг.
«Лукашэнка, у прынцыпе, у гэтым рэчышчы і выказваецца. І кажа пра тое, што нам не цікавае палітычнае супрацоўніцтва, нам цікавае эканамічнае супрацоўніцтва. Думаю, што Эўразьвяз цяпер гатовы чуць такія рэчы, але, думаю, ён не гатовы даваць грошы проста так, бязь нейкага руху ў рэформах у гэтых краінах. І нават калі гэта эканамічнае супрацоўніцтва, то гэтае супрацоўніцтва зьвязанае хаця б пэўнымі рэформамі юстыцыі і ўнутранага кіраваньня. Бо, напрыклад, калі мы кажам пра нейкае большае інвэстыцыйнае супрацоўніцтва або пашырэньне гандлю, то неабходна ўпэўніцца ў бясьпецы тых інвэстыцыяў, якія могуць пайсьці з Эўразьвязу, у празрыстасьці працэдураў, якія ёсьць у кіраваньні краінаю, у неабходнасьці гарантыі ўласнасьці для эўрапейскіх кампаніяў, якія могуць прыйсьці на беларускі рынак. То бок Эўразьвяз усё роўна не гатовы супрацоўнічаць у рэжыме без аніякіх умоваў, бо ёсьць пэўныя агульныя правілы, якія неабходна выконваць, калі мы жадаем больш шырокага супрацоўніцтва з Эўрапейскім Зьвязам», — тлумачыць Ягораў.
Ягораў кажа, што сам па сябе візыт эўракамісара Гана ў Менск — гэта падзея важная, але лічыць гэта сьведчаньнем нейкага прарыву ў адносінах паміж Беларусьсю і Эўразьвязам нельга. Хутчэй гэта ўкладаецца ў лёгіку «ўзноўленага супрацоўніцтва і пашырэньня кантактаў», якая назіраецца з канца 2013 году, калі былі адкрытыя перамовы пра спрашчэньне візавага рэжыму, пачаўся абмен двухбаковымі кантактамі, а потым у сувязі з украінскім канфліктам Беларусь стала пляцоўкай для перамоваў.
«Таму ў гэтым візыце няма нейкага вельмі моцнага прарыву. Тут, хутчэй, узмацненьне трэнду, які мы назіраем апошнія гады, а асабліва інтэнсіўна апошнія паўгода», — кажа Ягораў.
Эўракамісар Ёганэс Ган знаходзіцца ў Менску з афіцыйным візытам 16–17 красавіка. Учора Ган сустракаўся з прадстаўнікамі апазыцыі, сёньня — з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем.
Візытаў у Менск прадстаўнікоў Эўразьвязу такога ўзроўню не было з 2010 году. Апошні раз эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і палітыцы суседзтва — тады гэтую пасаду займаў Штэфан Фюле — наведваў Беларусь у лістападзе 2010 году, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.