Навіны

Еўрасаюз яшчэ на год працягнуў санкцыі адносна Беларусі

Еўрапейскі саюз 29 кастрычніка працягнуў санкцыі адносна Беларусі да 31 кастрычніка 2014 года, паведамляе прэс-служба Савета ЕС.

“У адпаведнасці са штогадовым аглядам сёння Савет працягнуў абмежавальныя меры Еўрасаюза адносна Беларусі да 31 кастрычніка 2014 года, — гаворыцца ў паведамленні. — Гэта адбылося ў сувязі з тым, што палітычныя зняволеныя дагэтуль не вызвалены, а паляпшэнняў у сферы павагі правоў чалавека, вяршэнства закона і дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі не назіраецца”.

Таксама адзначаецца, што ЕС захавае палітыку крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю, накіраваную на забеспячэнне выканання правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў у краіне.

Як адзначаецца ў паведамленні, пасля перагляду санкцый у спісе асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС і чые фінансавыя сродкі ў ЕС павінны быць замарожаныя, 232 прозвішчы. Акрамя таго, санкцыі працягваюць дзейнічаць адносна 25 беларускіх прадпрыемстваў.

Рашэнне Савета і спіс фізічных і юрыдычных асоб, якія трапляюць пад дзеянне санкцый, будзе апублікаваны 30 кастрычніка ў Афіцыйным часопісе ЕС.

Нагадаем, кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Мінску Майра Мора, выступаючы 28 кастрычніка на міжнароднай канферэнцыі “Стратэгіі будучай палітыкі ЕС адносна Беларусі” ў Вільнюсе, паведаміла, што ў спіс будуць дабаўленыя тры новыя прозвішчы. Пры гэтым, паводле яе слоў, Савет вырашыў, што “больш няма прычын для знаходжання ў спісе 13 чалавек і пяці прадпрыемстваў”. Аднак Мора не стала ўдакладняць, каго менавіта дабавяць і выключаць са спісу.

“Хацела б дакладна абазначыць, што гэтае рашэнне (аб адмене санкцый супраць шэрагу асоб. — БелаПАН.) не азначае змянення палітыкі ЕС адносна Беларусі. ЕС працягне палітыку крытычнага ўзаемадзеяння з краінай”, — сказала Мора.

Да сённяшняга дня пад візавыя і эканамічныя санкцыі ЕС траплялі 242 беларускія чыноўнікі, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка. Візавыя санкцыі ў дачыненні да міністра замежных спраў Уладзіміра Макея часова прыпыненыя.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.