Навіны

Еўразвяз заклікаў перагледзець прысуд палітвязьню Мікалаю Дзядку

Мінск, 4 траўня. Еўрапейскі звяз заклікаў улады Беларусі перагледзець прысуд 26-гадоваму палітвязьню Мікалаю Дзядку.

“Важнасць, якую Еўразвяз надае пытанню палітычных зняволеных у кантэксце адносін паміж Еўразвязам і Беларуссю, застаецца нязменнай”, – гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешняга дзеяння з нагоды падаўжэння турэмнага тэрміну Мікалаю Дзядку, якога павінны былі вызваліць 3 сакавіка.

Як адзначае Еўразвяз, рашэнне беларускага суда падоўжыць тэрмін зняволення Мікалаю Дзядку па абвінавачванні ў парушэнні правілаў турэмнага распарадку, а таксама адмова ў задавальненні яго скаргі на прысуд, “вартыя шкадавання”.

“Мы заклікаем улады Беларусі перагледзець прысуд спадара Дзядка, вызваліць яго неадкладна і вызваліць усіх астатніх палітычных зняволеных”, – гаворыцца ў заяве.

26 лютага 2015 года суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў палітвязня Мікалая Дзядка, які знаходзіцца ў турме, вінаватым у злосным парушэнні рэжыму і прысудзіў яго да года і трох дзён пазбаўлення волі. Тэрмін зняволення Дзядка заканчваўся 3 сакавіка, аднак прызнанне судом яго вінаватасці ў новым злачынстве адтэрмінавала выхад на свабоду.

30 красавіка ў ходзе разгляду скаргі зняволенага на гэтае рашэнне ў пачатку пасяджэння касацыйная калегія адхіліла хадайніцтва Дзядка аб выкліку яго на судовае пасяджэнне. Суддзі пагадзіліся з меркаваннем боку абвінавачаньня, што ў прысутнасці зняволенага няма неабходнасці, паколькі яго пазіцыя выкладзена ў дакументах скаргі.

Дзядок быў асуджаны 27 мая 2011 года. Суд Заводскага раёна Менска прысудзіў яго да чатырох з паловай гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму па ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства). Як лічаць праваабаронцы, падставай для прысуду Дзядку стаў ягоны ўдзел у мірнай дэманстрацыі пратэсту каля Міністэрства абароны супраць сумесных расійска-беларускіх вайсковых вучэнняў.

БелаПАН