Эдуард Лобаў не выключае прэвэнтыўнага нагляду пасьля вызваленьня
Пра тое, што за ім па вызваленьні будзе ўсталяваны прэвэнтыўны нагляд, палітвязень Эдуард Лобаў паведаміў маці падчас апошняга доўгатэрміновага спатканьня ў івацэвіцкай калёніі. На які тэрмін можа быць усталяваны нагляд, Марына Лобава ня ведае:
«Спачатку ў калёніі будзе суд. Могуць даць і месяц, але гэта не паказьнік. Бо потым могуць колькі заўгодна дадаваць, як было зь іншымі палітвязьнямі. Могуць працягнуць і раз, і другі, і трэці. А парушэньні прыдумляць у нас умеюць».
Паводле Марыны Лобавай, яе сын выглядае добра, ні на што ня скардзіцца: «Ягоны настрой усё лепш, бо сядзець яму ў калёніі ўжо меней за 180 дзён».
Эдуард Лобаў мае вызваліцца 18 сьнежня, калі будзе 4 гады ад ягонага арышту. Маладафронтавец быў асуджаны на такі тэрмін нібыта за бойку зь мінакамі, якую лічыць правакацыяй спэцслужбаў напярэдадні дня выбраў.