Эдуард Лобаў: У выбарах сэнсу не бачу
Былы палітвязень марыць пра вайсковую кар’еру, а складана… «складана з цэнамі пакуль разабрацца»…
Эдуард Лобаў цяпер жыве з бацькамі. Працуе кур’ерам. Заробак — ну так, не вельмі. Сярэдняя спецыяльная адукацыя.
Працягвае палітычную дзейнасць. Застаецца сустаршынёй «Маладога Фронту».
Знайшоў працу кур\’ера
«Адвучыўся на зваршчыка ў калоніі — няхай будзе. Пра вайсковую кар’еру прыйдзецца забыць, пакуль судзімасць не будзе пагашаная, ніхто зараз мяне нікуды не возьме, — кажа ён. — Горад трохі змяніўся. З цэнамі пакуль складана разабрацца. Я ж садзіўся, былі адны цэны і заробкі, зараз — іншыя. Таму часам губляюся. Не вельмі зразумела, калі бачыш цэннік: гэта дорага ці не?
На працягу трох сутак пасля звальнення я павінен быў стаць на ўлік у міліцыю. На трэція суткі я прыйшоў, і мне сказалі, каб на наступны дзень я пайшоў у цэнтр занятасці, стаў там на ўлік і адшукаў працу. Я пайшоў, а там мае дакументы не ўзялі, бо я не меў з сабой даведкі аб звальненні і працоўнай кніжкі. А ў наступны раз я не пайшоў — знайшоў сам гэтую працу кур’ера. Кім бы хацеў працаваць, я і не задумваюся. У нас такая краіна, што не вельмі выбіраеш, кім працаваць. Пайду туды, куды возьмуць і дзе будуць плаціць больш».
У выбарах сэнсу не бачу
«Цяпер мы плануем, як правесці Дзень Волі. Возьмем удзел у шэсці. Ісці туды я не баюся. Нават калі закрыюць на нейкія суткі — не страшна.
Тут такая справа, што калі ўсяго баяцца, то нічога не будзе. Ёсць пэўная рызыка, але яна мінімальная, і калі я ўжо пайшоў на гэта, то трэба ісці да канца.
У выбарах я сэнсу асаблівага не бачу. Галасаваць не пайду. Законным шляхам пераадолець Лукашэнку не атрымаецца, а рабіць зараз нешта, як ва Украіне, небяспечна, бо потым можна чакаць тут расійскія войскі. Дый улады не дазволяць. І імавернасць, што ў нас знойдуцца сілы, якія гэта зробяць, таксама вельмі малая. Дый народ можа не падтрымаць, бо бачыць сітуацыю ва Украіне. Нашыя людзі ў асноўным хочуць спакою, ім гэтыя сацыяльныя ўсплёскі зусім не цікавыя. Таму падстаў для Плошчы ў гэтым годзе я не бачу.
Але калі яна ўсё ж адбудзецца, то ўдзельнічаць я, можа, і буду. Можа, скончыцца новым тэрмінам? Ну, гэта ж невядома, як павернецца. Я сумняваюся, што ад Плошчы будзе нейкі вынік. Але на 100% я не ўпэўнены. І так, дзеля гэтай імавернасці ў некалькі адсоткаў, я гатовы ісці на рызыку.
Бацькі… Мне 26 гадоў. Я сам адказваю за свае ўчынкі, за свае дзеянні. Я лічу, што тое, што са мной адбываецца, не павінна так ужо моцна адбівацца на жыцці маіх сваякоў.
Самае жудаснае — Валадарка
Затрымалі нас так. Мы ішлі ўтрох: я, Дашкевіч і яшчэ адзін сябар. Да нас падышлі некалькі чалавек, спыталі, як дайсці да прыпынку. Мы адказалі, што не з гэтага раёна і не ведаем. Яны папрасілі цыгарэту. Наш сябар збіраўся даць тую цыгарэту. Яны пачалі бойку. І літаральна праз некалькі хвілін з’явілася міліцэйская машына, нас усіх туды загрузілі, адвезлі ў РУУС.
Потым на нас напісалі заяву, нібыта мы накінуліся на тых «пацярпелых». Я на іх не бачыў сэнсу пісаць заяву, бо міліцыя сама ўсё бачыла. Потым тых адпусцілі, а нас павезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Падоўжылі тэрмін нашага там утрымання з 3 да 10 сутак. Потым нас адвезлі ў Маскоўскае РУУС для сустрэчы з пракурорам. Ён паведаміў, што пад падпіску нас не адпусцяць. І нас адвезлі ў жодзінскую турму. Там я прабыў каля двух месяцаў. Затым — на Валадарку. Пасля суда, прыкладна праз тыдзень, мяне адвезлі ў калонію.
Я сутыкнуўся з такім упершыню і не ведаў, чаго чакаць: ці тэрмін, ці ўмоўнае. Людзі мне казалі, што артыкул прадугледжвае ад хіміі і да 10 гадоў. Проста чакаў суда.
Калі абвясцілі прысуд, я падумаў, колькі мне гадоў, дадаў чатыры і прыкінуў, калі выйду. Успрыняў спакойна. Тым больш, што пракурор прасіў 5 гадоў для нас. На гэты тэрмін я і арыентаваўся.
У калонію ехаць было не страшна. У нейкай ступені я нават хацеў, каб у калонію адвезлі хутчэй. Бо на Валадарцы былі жудасныя ўмовы, перапоўненыя камеры. Спалі пазменна, па 12 гадзін. 12 гадзін можаш ляжаць, затым — мяняецеся. А прысесці там не было дзе: праходы вузкія, месца мала. Шукаеш вугал, каб там сесці і не перашкаджаць нікому.
На шпацыр выводзілі, але там маленькі двор, народу шмат, асабліва не паходзіш. У выніку і там проста стаіш, толькі што на вуліцы.
А снегу проста не было
У калоніі было 4 атрады. Жылі ў памяшканні, падобным да вялікай казармы, якая падзеленая на секцыі. Усе разам, па самых розных артыкулах. У кожнай секцыі прыкладна па 20 чалавек. Людзі ведалі, што я «палітычны», ставіліся нармальна.
Працаваў прыкладна адзін атрад, на прамзоне рабілі паддоны, яшчэ нешта з драўніны. Астатнія не рабілі амаль нічога. Прадугледжвалася, што дзве гадзіны на дзень былі занятыя гаспадарчай працай: падмесці, калоць дровы, але і гэта было не штодзень. Але вясной 2014 года ўсіх пачалі адпраўляць на прамзону на дзве гадзіны. Але гэта было больш фармальна. Нам стала вядома, што прайшоў загад, каб усіх працаўладкавалі, а нашая прамзона проста не была разлічаная на такую колькасць народу. Таму часам нас туды прыводзілі, і мы проста стаялі гэтыя дзве гадзіны і нічога не рабілі, а працавалі тыя, хто і раней.
Рэжым — а 6 пад’ём, у 10 вечара адбой. Займаўся калі чым: калі газеты чытаеш, калі тэлевізар паглядзіш. Да таго ж, у сталовую, адна праверка, другая… Вось так дзень і мінаў. У параўнанні з арміяй, у калоніі былі нават мякчэйшыя ўмовы. У арміі так проста не пасядзіш.
Быў у карцары. 2 разы па 10 сутак. Першы раз я адмовіўся прыбіраць снег. Бо яго проста не было. Я сказаў, што не пайду, бо снегу няма. А другім разам за тое, што паведаміў зняволеным, што міліцыя на бараку.
У турме сачыў за сітуацыяй у краіне і ў свеце з «Нашай Нівы», «Народнай Волі», «Белгазеты».
Сустракаўся са святаром. Ён прыязджаў адмыслова да мяне, большасць жа праваслаўныя. Нават хадзіў да споведзі. Але не пра ўсё яму казаў: там жа прысутнічаў супрацоўнік адміністрацыі калоніі. Перад ім не вельмі хацелася ўзгадваць нешта сваё.
Па вялікім рахунку, я проста страціў гэтыя чатыры гады. Але ж калі б людзі атрымлівалі ад зняволення карысць, то гэта было б не пакаранне. Але калі б была імавернасць нешта змяніць, я б выйшаў на тую ж Плошчу, нягледзячы на пагрозу трапіць за краты яшчэ раз.
Пра змены
Рэвалюцыйныя сітуацыі часта ўзнікаюць нечакана. Сёння такое, можа, і немагчыма, але хто ведае, што будзе праз пэўны час? Які будзе сацыяльны ўсплёск у сувязі з нейкімі новымі падзеямі? Гэтага ж ніхто не прадкажа. Проста трэба быць гатовым правільна адрэагаваць на сітуацыю.
А калі працаваць штодзённа, то адзіны шлях нешта змяніць — гэта гутарыць з людзьмі, перацягваць іх на свой бок. Іншага выйсця я не бачу.
Калі ў нас зменіцца ўлада, то Расія можа ўвесці войскі. І шмат народу проста падтрымаюць яе. А калі адбудуцца нейкія палітычныя рознагалоссі паміж кіраўніцтвам нашых краін, то войскі могуць з’явіцца і пры Лукашэнку. Таму трэба праводзіць патрыятычную палітыку ў нацыянальным аспекце. Не канцэнтравацца на супольным савецкім мінулым, а адчуць сябе беларусамі. Зараз з’явіўся пэўны рух у гэты бок, нават на дзяржаўным узроўні: беларускамоўныя білборды, помнік Альгерду нават… Але за год не зробіш таго, што ігнаравалася да гэтага два дзесяцігоддзі. Патрэбен час.
Я падтрымліваю пазіцыю, што лепш аб’яднацца з Лукашэнкам супраць Пуціна. Бо калі мы страцім незалежнасць, то не будзе розніцы, хто кіруе. Пры патрэбе я гатовы абараняць незалежнасць радзімы са зброяй у руках.
Канкурэнцыю Лукашэнку мог бы скласці хіба толькі Статкевіч, калі б ён быў на свабодзе і выбары былі б дэмакратычнымі. Нават на мінулых выбарах, я лічу, ён быў больш канкурэнтаздольным, чым Някляеў ці Саннікаў. Ён чалавек вайсковы, і мог бы эфектыўней кіраваць краінай».
***
Эдуард Лобаў — сустаршыня «Маладога Фронту». Нарадзіўся ў 1988 у Вільні. Марыў стаць вайскоўцам, пасля школы адслужыў у дэсанце. Па вяртанні з войска Эдуард уключыўся ў працу «Маладога Фронту», неўзабаве стаў кіраўніком Мінскай гарадской арганізацыі. У снежні 2010 быў затрыманы разам са Змітром Дашкевічам, у сакавіку 2011 асуджаны да чатырох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прашэнне аб памілаванні пісаць адмовіўся.
Міжнароднай арганізацыяй Amnesty International быў прызнаны вязнем сумлення.
Запісаў Уладзіслаў Швядовіч, Наша Ніва