Выбары

Экспэрты: Грамадзяне могуць і маюць права байкатаваць выбары

Ратыфікаваўшы Канвенцыю СНД аб правядзенні дэмакратычных і свабодных выбараў, Беларусь узяла на сябе абавязанні яе выконваць.

– На гэтых выбарах як ніколі раней сярод дэмакратычных актывістаў папулярная ідэя байкоту і няўдзелу. Але гэтыя выбары будуць першымі за апошнія гады, калі працуе норма, якая забараняе агітацыю за байкот. Наколькі гэтая норма адпавядае тым абяцанням, якія дае Менск Еўропе?

– Так, у канцы 2014 году былі прынятыя змены ў Выбарчы кодэкс, упершыню з 2000 года заклікі да байкоту выбараў былі забароненыя і была ўведзеная адміністрацыйная адказнасць за заклікі да байкоту выбараў не ў дзень галасавання. Падыходы да гэтага пытання ў свеце розныя, і ў некаторых краінах заклікі да байкоту таксама забароненыя. Але асаблівасць сітуацыі ў тым, што Беларусь летась далучылася да Канвенцыі СНД аб правядзенні дэмакратычных і свабодных выбараў. На погляд экспэртаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», пункт 8 артыкула 9 гэтай Канвенцыі кажа пра тое, што грамадзяне могуць і маюць права байкатаваць выбары і заклікаць да байкоту выбараў. Усе краіны СНД, якія ратыфікавалі гэтую Канвенцыю, не маюць у сваім заканадаўстве нормаў, якія забараняюць заклікі да байкоту. Таму, як мне здаецца, ратыфікаваўшы Канвенцыю, Беларусь узяла на сябе абавязанні яе выконваць.