Этыка вольных [2010]
Навошта прыйшлі мы ў гэты свет, калі непазбежна сыйдзем ў нябыт? Чаму мы, ў адрозненне ад іншых насельнікаў Зямлі, разумеем гэта? Для прыроды, для жыцця на нашай планеце ўсе проста і зразумела. Сэнс — у захаванні, у бяссмяротнасці роду, племені, расы, чалавецтва, што выяўляецца праз бясконцыя смерці і нараджэнні асобных індывідаў. Але які ў гэтым сэнс для мяне асабіста? Амаль кожны задаваў сабе гэтае пытанне ў дзяцінстве ці юнацтве. Не знайшоўшы адказу большасць імкнецца не думаць пра непазбежны канец і як мага камфортней пражыць тое, што дадзена. Безумоўна, згодна з уласным разуменнем аб тым, што з’яўляецца камфортным. Але ў любой больш-меньш значнай чалавечай супольнасці амаль заўсёды прысутнічаюць асобы, якія гатовы рызыкаваць сваім уласным камфортам ці нават жыццём дзеля нейкіх абстрактных ідэалаў. Сярод вялікай групы людзей заўжды знойдзецца той, хто не сперпіць несправядлівасці, подласці ці прыніжэння. Што прымушае такіх людзей ахвяраваць канкрэтнымі дабротамі дзеля рэчаў нематэрыяльных? Навошта яны?
У родавай памяці кожнага чалавека запісаны розныя мадэлі паводзін. У пэўных абставінах мы здольны (альбо не здольны) выявіць закладзеныя прыродай і продкамі ціхую упартасць земляроба, шчаслівы азарт і прагу здабычы паляўнічага, баявое шаленства воіна, халодную рашучасць правадыра. Яшчэ у кожным з нас схаваны раб і вольны чалавек. Раб гаворыць нам: “Прыстасуйся і выжыві любым коштам”. Вольны цвердзіць: “Абяры уласны і годны шлях. Памятай, што годнасць — гэта абавязак перад адзіным суддзём — уласным сумленнем”. Мы свядома ці несвядома ўсё жыццё выбіраем паміж імі. Таксама мы выбіраем , кім нам быць, навошта жыць, да чаго імкнуцца. Ці не імкнуцца, а проста плыць па плыні лёсу, успрымаючы навакольнае жыццё, як селянін успрымае надвор’е альбо ўладу — як абставіны, што не залежыць ад нас і да якіх трэба проста прыстасавацца. Гэта таксама выбар.
На наш выбар уплываюць, “актуалізуючы” тую ці іншую мадэль нашых паводзін жыццёвыя акалічнасці, СМІ, мастацкія творы, рэлігія, гістарыя, прыклады людзей наўкол. Прыклад годнасці адного абуджае годнасць у многіх. Гэтак жа подласць нараджае подласць, прыклад вольнага чалавека — жаданне быць вольнымі, а рабскія паводзіны — памнажаюць рабоў.
Людзей, якія здольныя быць вольнымі і супрацьстаяць пануючай волі ўлады ці большасці, няшмат. Але яны — магчымасць альтэрнатывы. Калі ўмовы існавання чалавечай супольнасці істотна змяніліся ці погоршыўся яе маральны стан, то такая супольнасць можа апынуцца пад пагрозай знікнення. Этычныя нормы з’явіліся ж не проста так. Гэта вынік маральнай эвалюцыі чалавецтва і натуральнага адбору этычных сістэм. Немаральныя супольнасці страчваюць жыццяздольнасць. Вольныя людзі, здольныя на самастойную маральную пазіцыю — гэта сігнал трывогі і магчымы шлях да ўратавання.
Час паскорыўся. Гэта дазваляе убачыць, што найбольш канкурэнтнымі сталіся тыя чалавечыя супольнасці, этычныя нормы ў якіх збудаваны на ідэалах свабоды. Безумоўна, і ў іх нельга пазбегнуць ціску грамацтва, неабходнасці падпарадкавання яго законам. Але ў вольным грамацтве законы усталёўваюцца ў выніку грамацкага кампрамісу, у якім з дапамогай свабодных выбараў можа браць удзел кожны. Пры дыктатуры законы ўсталёўвае гвалтам адзін альбо група людзей. Падпарадкаванне волі грамацтва, усталяванай праз супольны кампраміс — неабходнасць. Падпарадкаванне волі аднаго, волі нахабнай, немаральнай, карыслівай — абраза. Дыктатура мае на мэце найперш захаванне кантролю над грамацтвам і асобай. Яна падаўляе іх і пазбаўляе энэргіі да развіцця. Дыктатура актуалізуе рабоў.
Усё мае сваё прызначэнне ў гэтай вялікай гульні, якую вядзе прырода, усе патрэбна. Патрэбны, мабыць, і людзі з псіхалогіяй рабоў. Але калі яны пачынаюць маральна дамінаваць, калі вольных робіцца так мала, што яны стамляюцца быць вольнымі — грамацтва дэградуе. Вольных часта не любяць, як не любяць незразумелае і недаступнае. Іх годнасці зайздросцяць няздатныя на яе. Але калі супольнасць разумее, што зайшла ў тупік, яна звяртае свой позірк на вольных, шукаючы ў іх паратунку. Калі вольных робіцца шмат, калі разам з імі сімпатыі і спадзяванні большасці, што можа па зусім іншых прычынах хоча пераменаў — супольнасць робіцца больш вольнай.
Несвабоднае грамацтва нашага часу звычайна атамізавана. Яно ўспрымае навакольны свет і рэальнае жыццё праз сурагаты штучных тэлевізійных вобразаў. Такое грамацтва безабаронна перад тымі, хто валодае манаполіяй на адзінае для большасці “вакно ў свет” — на стварэнне і распаўсюд гэтых вобразаў. Яно не здольна аб’яднацца дзеля свайго вызвалення без салідарнасці з ім вольных, выяўленай праз публічныя самаахвярныя дзеянні. Чым болей несвабоднае грамацтва, тым болей плата за магчымасць быць вольным. Тым болей сэнсу ім быць. Каб людзі маглі сабрацца вакол агню свабоды, нехта павінен узняць паходню.
Вялікая ахвяра, якую можа прынесці вольны дзеля свабоды іншых людзей — ахвяраванне вольным у сабе праз неабходнае дзеянне, якое супярэчыць яго маральнаму пачуццю. Такая неабходнасць можа ўзнікнуць, напрыклад, калі не застаецца іншага сродку, каб спыніць гвалт дыктатуры, акрамя як гвалтам. Негвалтоўны супраціў можа быць эфектыўным толькі тады, калі рэжым мае маральныя абмежаванні на ўжыванне гвалту.
Воля не робіць шчаслівымі. Але ёсць людзі, якія не здольны нармальна жыць і дыхаць без яе, для якіх яна — неабходная ўмова, каб быць шчаслівымі ці не шчаслівымі, проста быць. Самаабмежаванне на маральную ацэнку, няздатнасць голасна назваць немаральным немаральны ўчынак улады ці большасці, ухіленнне ад учынка, якога патрабуе твая годнасць — крок да раба ў сабе. Здрада свабодзе ад хлусні і прыніжэння не толькі набліжае да раба. Яна пашырае несвабоду навокал. Воля дае шанец рэалізаваць сябе як асобу, быць у гарманіі з сабой. Яе магчымасць існуе заўсёды. Усё залежыць толькі ад тваёй волі і мужнасці быць вольным. Вольным быць непроста. Ці можна быць вольным усё жыццё?
Толькі калі ты рэалізуеш сваю свабодную волю, свой выбар — ты Ёсць. Прызначэнне мужчыны — Быць. Прызначэнне жанчыны — захаваць таго, хто Ёсць для наступных пакаленняў. Калі жанчына не мае мужчыны, які Ёсць, яна абірае паміж захавацца і Быць самой.
Пашукай у сабе. Хто ты, кім ты можаш быць, кім ты хочаш быць? Абавязак тых, хто адчувае ў сабе патрэбу волі, вольнага чалавека — імкнуцца быць вольным. Найперш — перад сабой, перад тым, хто ў глыбіні стагоддзяў заклаў гэтую патрэбу у тваю памяць, перад тваім родам і краінай, перад тымі, хто зараз ці ў будучыні адчуе прагу быць вольным.
Што мы можам супрацьпаставіць смерці, магутным сілам, якія віруюць над намі, маленькімі мурашамі, атрымаўшымі магчымасць існаваць толькі дзякуючы збегу выпадковасцей? Толькі годнасць і жаданне зрабіць гэты свет хоць крыху лепшым і дабрэйшым для тых, хто як і ты хоча быць вольным. Хіба гэты твой выбар, твой падарунак свету і наступным пакаленням, твая дабрыня і салідарнасць з імі, такі твой працяг у будучыню не можа быць сэнсам?
Мікалай Статкевіч, г. Баранавічы, ПУАТ № 2