Навіны

ЕЗ абнавіў эканамічныя санкцыі супраць Расеі

Брусэль удакладніў фармулёўкі санкцый нафтаздабычы, уведзеныя супраць Расеі.

Адпаведны дакумент апублікаваны ў афіцыйным часопісе ЕЗ, піша «Украінская праўда».

У адпаведнасці з удакладненнем, абмежаванні тычацца абсталявання не толькі для расейскай тэрыторыі, але і для яе эксклюзіўнай эканамічнай зоны і марскога шэльфа.

У той жа час, як адзначаецца, пад забарону паставак падпадае толькі тэхніка і абсталяванне «для разведкі і здабычы нафты на глыбіні больш за 150 м на марскім шэльфе за палярным кругам».

Што тычыцца здабычы сланцавай нафты, то забароненыя пастаўкі ў Расею толькі тэхнікі і абсталявання, неабходнага для «праектаў, якія патэнцыйна могуць выкарыстоўвацца для разведкі і здабычы сланцавай нафты шляхам гідраразрыву».

Але гэта абмежаванне не тычыцца праектаў у разведцы і здабычы нафты, якая «залягае ў звычайных рэзервуарах, скрозь сланцавы пласт».

Акрамя таго, ЕЗ дазволіў пастаўкі ў Расею абсталявання для нафтаздабычы, якое апынулася пад санкцыйнай забаронай, у выпадку неабходнасці ліквідацыі тэхнагеннай катастрофы, «якая можа прадстаўляць сур\’ёзную або значную небяспеку для навакольнага асяроддзя і здароўя людзей».

Пастаўкі абсталявання ў гэтым выпадку могуць быць ажыццёўленыя без якога-небудзь дазволу ў выпадку, калі еўрапейскі пастаўшчык паведаміць пра іх наглядным органам на працягу пяці рабочых дзён.

ЗША і Еўразвяз з ліпеня 2014 пачалі ўводзіць так званыя сектаральныя санкцыі ў дачыненні да Расеі, накіраваныя на тое, каб стрымаць распрацоўку цяжказдабывальных запасаў нафты. Спачатку яны абмежавалі пастаўку ў Расею пэўных відаў абсталявання і запчастак для яго, прызначаных для выкарыстання ў нафтавых праектах на шэльфе Арктыкі, на глыбакаводных марскіх участках і ў сланцавых фармацыях. А ў верасні Мінфін ЗША забараніў амерыканскім фірмам пастаўляць любыя тавары і тэхналогіі пяці расейскім кампаніям – «Газпрому», «Газпром нафце», Лукойлу, «Раснафце» і «Сургутнафтагазу» – для працы ў арктычных морах, на глыбакаводдзі і ў сланцавых фармацыях.

ЕЗ, у сваю чаргу, увёў забарону на аказанне спадарожных паслуг пры разведцы і здабычы нафты на глыбакаводных, арктычных і сланцавых радовішчах у Расеі. Пад забарону патрапілі бурэнне, апрабаванне свідравін, каратаж свідравін і пастаўка спецыялізаваных плывучых установак.

Санкцыйныя рэжымы Еўразвязу і ЗША падобныя, але не тоесныя. Напрыклад, ЕЗ можа зрабіць выключэнне і дазволіць правядзенне паслуг па кантрактах, укладзеных да 12 верасня 2014 года. У той жа час Еўразвяз да гэтага часу не даў строгіх азначэнняў, што варта разумець пад «Арктыкай», «глыбакаводнымі» і «сланцавымі» праектамі, тады як ЗША далі адпаведныя тлумачэнні.

Хартыя\’97