Навіны

ЕЗ пакінуў у дзеянні санкцыі супраць Расеі

Амбасадары краін-чальцоў Еўразвяза наважылі не адмяняць санкцыі супраць Расеі.

Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на чыноўнікаў ЕЗ.

«Мы прытрымліваемся статусу-кво», – сказаў адзін з суразмоўцаў агенцтва. «Ніхто нават не казаў пра такую магчымасць [адмены санкцый], улічваючы сітуацыю ва Украіне», – заявіў іншы суразмоўца.

Сёння ў Брусэлі амбасадары краін Еўразвяза сабраліся, каб абмеркаваць лёс антырасейскіх санкцый. Еўрапейская служба замежнапалітычнай дзейнасці (EEAS) прадставіла пастаянным прадстаўнікам даклад аб выкананні пагаднення ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. Пасля агучвання дакладу прадстаўнікі краін ЕЗ павінны былі прыняць пастанову аб тым, як далей паступаць з санкцыямі.

Напярэдадні канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што не бачыць магчымасці для адмены эканамічных санкцый у дачыненні да Расеі. «Мы, на жаль, далёкія ад гэтага», – сказала яна на сумеснай з фінскім прэм\’ерам Аляксандрам Стубам прэс-канферэнцыі ў Берліне.

ЕЗ пашырыў санкцыі супраць Расеі 12 верасня. Уведзеныя абмежаванні закранулі нафтавую галіну, авіябудаванне і абаронны комплекс. Пад еўрапейскія санкцыі патрапілі кампаніі «Раснафта», «Транснафта», «Газпромнафта», Уралвагонзавод, былі пашыраныя меры супраць дзяржаўных банкаў – Ашчаднага банка, ВТБ, Газпромбанка, ЗЭБ і Рассельгасбанка. З 1 жніўня ўсім грамадзянам і кампаніям Еўразвяза забаронена купляць або прадаваць выпушчаныя гэтымі расейскімі банкамі паперы з тэрмінам абарачэння больш за 30 дзён.

Хартыя\’97