Фралоў меркаваў сустрэцца з Пуціным
10 лістапада стала вядома пра сьмерць Валерыя Фралова. Сын знайшоў яго мёртвым у здымнай кватэры ў Менску.
Валерыю Фралову было 67 гадоў. Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, у 2004 годзе — удзельнік дэпутацкай галадоўкі пратэсту супраць палітыкі Лукашэнкі, намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), генэрал Валеры Фралоў абвясьціў пра свой намер змагацца за пасаду прэзыдэнта на выбарах 2015 году.
Ён вылучаўся ў прэзыдэнты ў 2006 годзе, але ня змог сабраць патрэбнай колькасьці подпісаў і падтрымаў кандыдата ад сваёй партыі Аляксандра Казуліна. Падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў Валеры Фралоў быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава.
Рыхтавацца да новай прэзыдэнцкай кампаніі Фралову дапамагаў паплечнік і сябра Сяргей Скрабец.
«У яго была вельмі адкрытая душа, гэта быў чалавек шчыры, сумленны, вельмі адданы працы. Усё жыцьцё ён аддаў арміі, служыў на Далёкім Усходзе, у цяжкіх умовах. Я больш яго ведаю па працы ў парлямэнце. І там яго вельмі паважалі. Было галасаваньне, каму з дэпутатаў найбольш давяраюць — Фралоў атрымаў 80%, быў на першым месцы. Заўсёды дапамагаў усім.
Гэта вельмі нечакана, бо ён быў у вельмі добрым фізычным стане. На сваё здароўе ніколі ня скардзіўся. Таму для мяне гэта шок. Апошнім часам у яго ўмовы жыцьця былі вельмі няпростыя, бо ён апошнія паўгода жыў у вёсцы каля Заслаўя ў старым вагончыку, безь сьвятла і вады. Толькі пару тыдняў таму наняў кватэру. Вельмі актыўна рыхтаваўся да прэзыдэнцкіх выбараў у наступным годзе. Пляны былі вельмі сур’ёзныя».
Паводле Сяргея Скрабца, Фралоў застаўся без жыльля. Сваю кватэру ў Гародні ён прадаў і ўсе грошы раздаў паплечнікам, якія зьбіралі за яго галасы падчас прэзыдэнцкай кампаніі.
Запамятаўся ягоны ўдзел у галадоўцы пратэсту, якая праходзіла ў Менску ў дэпутацкім доме. Апроч Сяргея Скрабца і Ўладзімера Парфяновіча, да яе далучыліся актывісты. Галадоўнікі, між іншым, выступалі супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі. Згадвае Сяргей Скрабец:
«Фралоў быў чалавек, які заўсёды змагаўся за праўду. Гэта ў яго было на першым месцы. Гэты чалавек ніколі не ішоў на зьдзелку са сваім сумленьнем. Такія людзі сёньня сустракаюцца, на жаль, вельмі рэдка».
Фралоў заявіў пра намер прэтэндаваць на прэзыдэнцкую пасаду ў наступным годзе. Ці чыніліся яму нейкія перашкоды, распавядае Сяргей Скрабец:
«Перашкоды былі, нейкія папярэджаньні. Наколькі я ведаю, ён сустракаўся зь некаторымі хлопцамі зь некаторых службаў. Але, наколькі я ведаю, пагрозаў не было. А намеры былі сур’ёзныя. Трэба ж ведаць, як генэрал падыходзіць да справы. У яго там пляны, мапы. У чалавека ж ня так проста чатыры вышэйшыя адукацыі. У яго была вельмі сур’ёзная падтрымка ў Маскве. Ён напісаў зварот да Пуціна і меркаваў сустрэцца. Пляны ў яго былі вельмі сур’ёзныя, і падтрымка ў Маскве была».
Былы дэпутат, палітык Уладзімер Навасяд называе Фралова сапраўдным афіцэрам.
Паводле Навасяда, Фралоў не хаваў сваіх сяброўскіх сувязяў зь людзьмі, якія стаялі па розныя бакі барыкад. Таму складалася ўражаньне, што ён быў чалавек, які выпадкова трапіў у палітыку. Але такія людзі палітыку ўпрыгожваюць, лічыць Навасяд.
«Зь ім можна было і пажартаваць. Ён увесь час імкнуўся прыляпіць мне лычку на мае пагоны. Пытаўся, кім я з арміі сышоў. Я казаў — малодшы сяржант. Дык ён казаў, што дае мне сяржанта. Гэта ён так любіў усім раздаваць зоркі і пагоны».