Франак Вячорка: Ігнараванне гэтых «выбараў» адбываецца само па сабе
Людзі настолькі расчараваныя ў Лукашэнку, што дэмакратычным сілам трэба проста пракантраляваць нізкі прыход на ўчасткі.
Сваімі ўражаннямі ад апошняга месяца «выбарчай» кампаніі ў Беларусі ў інтэрв\’ю charter97.org падзяліўся моладзевы лідар, журналіст Франак Вячорка.
– Якое ўражанне вырабляе на вас гэтая «выбарчая» кампанія? У чым яе адрозненне ад папярэдніх?
– Як і чакалася, гэта самая нецікавая – ні для народа, ні для грамадскіх актывістаў – кампанія. Калі ацэньваць удзел 4-х кандыдатаў, зарэгістраваных Лідзіяй Ярмошынай – усе яны зарэгістраваныя паводле прынцыпу карыснасці для Аляксандра Лукашэнкі.
Мы маем справу з несапраўдным прарасейскім кандыдатам, несапраўдным «праапазіцыйным» кандыдатам, проста несапраўдным Сяргеем Гайдукевічам і Лукашэнкам, які паводле гэтай формулы павінен быць «меншым злом» для абывацеля.
Я мяркую, што Ярмошына і ўрад вельмі спадзяюцца на прыход на гэтых «выбарах», разлічваючы на прызнанне вынікаў і сваю легітымізацыю на Захадзе. Таму для назіральнікаў і апазіцыі прыход – гэта адзінае, што можна і трэба пракантраляваць.
Я не бачу асаблівага сэнсу ў агітацыі, асабліва за такіх «кандыдатаў», і ў назіранні за падлікам галасоў, бо адшліфаваная гадамі машына фальсіфікацый не дае назіральнікам рэальна прасачыць за лічбамі, якія публікуюцца ў выніковых пратаколах.
У кожным выпадку – я не веру ў прызнанне гэтых «выбараў» Захадам. Мне ўдалося пагаварыць з некаторымі назіральнікамі БДІПЧ АБСЕ, якія ўжо некалькі месяцаў працуюць у Менску і рэгіёнах. У іх ёсць пэўнае расчараванне: ускладаліся надзеі на хоць нейкую «лібералізацыю», хоць бы на ўзроўні 2010 года, але Лукашэнка баіцца ісці нават на гэта. Таму ўсё прадказальна, і Лукашэнка не дачакаецца ніякіх прызнанняў.
– Акрамя міжнароднага непрызнання, якім чынам дэмакратычныя сілы маглі б зламаць гэтую гульню ўладаў у «выбары»?
– Я думаю, адзіны спосаб для дэмакратычна апазіцыі перайграць ўладу – гэта не гуляць паводле яе правілаў. «Выбары» праходзяць з выкарыстаннем рэпрэсіўнага апарата, па схеме, якая мае прадказальны фінал. І для апазіцыі адзіны выхад – гэта ламаць шаблоны, дзейнічаць непрадказальна, праводзіць крэатыўныя акцыі, далучаць новых людзей.
Калі сітуацыя ў Беларусі будзе мяняцца – яна будзе мяняцца не на «выбарах». І Майдан, і Малдова, і Арменія паказалі, што гэта цалкам магчыма. «Выбары» толькі заганяюць нас у пастку гэтага дня галасавання, пасля якога, як правіла, надыходзіць апатыя і ўзмацненне рэпрэсій.
Калі «выбары» з\’яўляюцца такі пасткай – ці мае сэнс наогул у іх удзельнічаць?
– Ігнор гэтых «выбараў» адбываецца сам па сабе. Я цяпер у Менску сустракаюся і размаўляю з рознымі людзьмі, асабліва з «сацыяльных» прафесій: кіроўцамі, таксістамі, кандуктарамі, прадаўцамі. І я пакуль не сустрэў ніводнага чалавека, які б агітаваў за ўдзел – нават сярод праціўнікаў апазіцыі.
Вылучэнне «кандыдатаў» – гэта спроба спакаваць гэтыя «выбары» ў бліскучую, прыцягальную абгортку. Але людзі настолькі расчараваныя ў цяперашняй уладзе, што іх нават і гэтая «абгортка» не матывуе з\’явіцца на ўчасткі. Я думаю, што прыйсці туды іх не спакусіць нават танная гарэлка па 8500 рублёў, якая прадаецца цяпер у кожнай кавярні.