Навіны

Freedom House: У галіне свабоды прэсы Беларусь побач з Паўночнай Карэяй і Эрытрэяй

Беларусь увайшла ў дзясятку краін і тэрыторый, дзе сітуацыя ў галіне свабоды прэсы найгоршая ў свеце.

Пра гэта гаворыцца ў дакладзе «Свабода прэсы-2015», апублікаваным праваабарончай арганізацыяй Freedom House, піша БелаПАН.

Акрамя Беларусі ў дзясятцы Іран, Куба, Крым (у якасці тэрыторыі), Паўночная Карэя, Сірыя, Туркменістан, Узбекістан, Экватарыяльная Гвінея і Эрытрэя.

Як адзначаюць аўтары дакладу, у гэтых краінах «незалежныя СМІ не існуюць ці ледзь здольныя працаваць, прэса выступае ў якасці рупара рэжыму, доступ грамадзян да аб\’ектыўнай інфармацыі жорстка абмежаваны, нязгода душыцца з дапамогай турэмнага зняволення, катаванняў і іншых формаў рэпрэсій». Што тычыцца Крыму, то паўвыспа ў 2014 годзе стала падпарадкоўвацца расейскім законам, і яе СМІ сутыкнуліся з «абмежавальнымі нормамі і паўсюдным гвалтам».

У Беларусі, як гаворыцца ў дакладзе, прадаўжаецца ціск на незалежных журналістаў. Адзначаецца, што ў 2014 годзе было распачата больш за 20 судовых спраў паводле абвінавачвання журналістаў, якія працавалі без акрэдытацыі, у «незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ».

У дакладзе згадваецца, што вайсковы экспэрт журналіст Аляксандр Алесін быў затрыманы КДБ паводле падазрэння ў шпіянажы, а затым адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.

Адзначаецца, што ў снежні 2014 года ў закон аб СМІ былі ўнесены папраўкі, якія дазваляюць Міністэрству інфармацыі Беларусі блакаваць сайты СМІ без пастановы суда, калі яны атрымалі два папярэджанні цягам года. На працягу года было ажыццёўленае часовае блакаванне сайтаў недзяржаўных СМІ, прынамсі, сайта charter97.org, газеты «Наша ніва», інфармацыйнага агенцтва БелаПАН і яго інтэрнэт-газеты «Беларускія навіны», сайтаў «Беларускі партызан», «Салідарнасць», «Заўтра тваёй краіны» і рэсурсу udf.by.

Адзначаецца, што ў Беларусі захоўваецца манаполія дзяржавы на тэлевяшчанне, а дзяржаўныя СМІ атрымліваюць фінансаванне з бюджэту.