Навіны

Галоўнае патрабаванне да ўлады – рэабілітацыя палітвязняў

Рэабілітацыя палітычных зняволеных павінна заставацца галоўным патрабаваннем да ўладаў Беларусі, – лічыць Марына Адамовіч, жонка палітычнага зняволенага, былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча.

Пры гэтым Марына Адамовіч спасылаецца на меркаванне Мікалая Статкевіча, якое ён выказаў у сваім лісце з Магілёўскай турмы, дзе адбывае пакаранне:

– Мяне асабіста вельмі клапоціць тое, што зараз адбываецца вакол праблемы палітвязняў. Праваабаронцы прапанавалі зняць патрабаванне рэабілітацыі на карысць аднаўлення ў палітычных правах, зняцця судзімасці і г.д., звярнуўшыся праз Фэйсбук у тым ліку і да Мікалая Статкевіча. Адказ жа Статкевіча ніякім чынам не быў ні прыняты да звестак, ні адрэфлексаваны тымі, каго ён тычыўся.

Па словах Марыны Адамовіч, Мікалай Статкевіч лічыць, што, незалежна ад сітуацыі, ад мажлівасці і рэальнасці, на сённяшні дзень атрымаць рэабілітацыю для ўсіх ахвяраў палітычна матываваных прысудаў у Беларусі – патрабаванне першае і галоўнае. Адмаўляцца ад яго ні ў якім разе нельга, кажа Марына Адамовіч. 

Беларускае Радыё Рацыя, Менск