Галодная вясна ў турме
З зімы ў магілёўскай турме №4 зняволеным перасталі выдаваць нават салёныя агуркі і памідоры.
Жонка Мікалая Статкевіча – кандыдата на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, палітвязьня, Марына Адамовіч паведаміла, што вясна і лета ў турме – самы галодны час, бо ў харчаванні зняволеных знікаюць нават “былыя”, як некалі напісаў Мікалай Статкевіч, салёныя гуркі і капуста. І таму звестка пра тое, што яму дазволілі набыць ў турэмнай краме часнык і лімоны — надзвычай важныя харчы ў турэмных умовах, стала для яе маленькім святам.
“Сёння на атаварку прадалі часныку і лімонаў, – напісаў Мікалай Статкевіч. – Гэта важна, бо апошні раз такое было толькі ў сакавіку, а іншай магчымасці атрымаць нешта з садавіны-гародніны тут няма – з зімы перасталі выдаваць нават былыя салёныя агуркі і памідоры. Хаця штодзённа павінны даваць 250 грамаў гародніны. Буду цяпер замяняць часныком”.
«Так што ў яго маленькае сьвята — ўпершыню вясной дазволілі набыць ў краме лімоны і часнык. У турме гэта вельмі істотна. Бо, пісаў, тое, што неяк можна назваць салёнымі агуркамі і памідорамі, даўно скончыліся. Зараз нават замест бульбы даюць разьведзены парашок. Таму вось такая радасная падзея». – распавяла Марына Адамовіч.
Мікалай Статкевіч адбывае 6 год зьняволеньня за падзеі 19 сьнежня 2010 году ў турме. Палітвязень сваёй віны нібыта ў арганізацыі масавых беспарадкаў не прызнае і катэгарычна адмаўляецца пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.