Навіны

Гарадзенскіх незалежных журналістаў аштрафавалі

Журналістаў абвінавацілі ў «незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі».

19 жніўня суд Ленінскага раёна Гародні (суддзя Юрый Казакевіч) прызнаў журналістаў Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава вінаватымі ў парушэнні арт.22.9 КаАП і аштрафаваў кожнага на 25 базавых адзінак (4,5 млн рублёў), паведамляе прэс-служба БАЖ.

Падставай для распачынання справы, нагадаем, стаў відэасюжэт пра выставу літоўскіх лялек у Гародні, размешчаны на сайце польскага тэлеканала «Белсат», які вяшчае на Беларусь.

Журналістаў абвінавацілі ў «незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі». Менавіта так цяпер кваліфікуюць міліцыя і суды падрыхтоўку інфармацыйнага матэрыялу для замежнага СМІ без акрэдытацыі.

Судовае разбіральніцтва пачалося яшчэ 23 ліпеня, але суддзя наважыў накіраваць матэрыялы на дапрацоўку ў міліцыю. 14 жніўня працэс аднавіўся, хоць самі журналісты адсутнічалі. Суд заслухаў сведкаў – мастака Аляксандра Сільвановіча і ягоную жонку, дырэктара выставачнай залы Ірыну Сільвановіч. Сведкі пацвердзілі, што яны давалі інтэрв\’ю згаданым журналістам.

Агульная сума штрафаў журналістам паводле арт. 22.9 ч.2 КаАП у 2015 годзе складае ўжо больш за 146 мільёнаў рублёў (больш за 9 тысяч еўраў).