Выбары

Генадзь Фядыніч: Дзякуючы байкоту выбараў Статкевіч можа выйсці на свабоду

Байкот – лепшая альтэрнатыва несумленным выбарам.

Такое меркаванне выказаў charter97.org старшыня прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч з нагоды вылучэння Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам на будучых выбарах і байкоту ў выпадку адмовы ўладаў вызваліць і зарэгістраваць яго.

«Ідэя байкоту добрая. І нават не тым, што мы абярэм Статкевіча, а тым, што, магчыма, дзякуючы гэтай ідэі ён і нашыя іншыя калегі выйдуць на свабоду. Гэта нашая самая галоўная задача ў гэтай сітуацыі. Аднак праблема ў тым, што нашы апазіцыйныя сілы, на жаль, ніяк не могуць знайсці кампрамісу і кожны бачыць у ролі адзінага сябе. Да таго ж, калі праводзіць такую працу, яе трэба праводзіць ужо сёння, каб потым не было позна», – мяркуе ён.

Лідар незалежных прафсаюзаў не верыць у сумленнасць выбараў і ўважае байкот выдатнай альтэрнатывай у цяперашняй сітуацыі.

«Што тычыцца выбараў, то мы ўсе выдатна разумеем, што ці са Статкевічам яны будуць, ці без Статкевіча – іх, фактычна, не будзе, – кажа Генадзь Фядыніч, – Таму, сэнсу ў іх вялікага няма: выберуць і без нас, без народа. Гэта адназначна. Таму байкот цалкам сугучны з маімі думкамі, таму што я мяркую, што ад народа ўжо даўно нічога не залежыць.

Іншае пытанне – як гэта рэалізаваць, бо гэта павінны рабіць усе зацікаўленыя бакі разам – не толькі палітычныя партыі, але і рухі, і некамерцыйныя арганізацыі. Трэба, каб усе здаровыя сілы сабраліся і наважылі, што яны гэта будуць рабіць. А хто застанецца ў меншасці – ну, няхай яны будуць далей рабіць сваю справу, як ім заманецца, але зразумела, што перспектывы па-сапраўднаму працаваць з грамадствам у будучыні ў іх ужо не будзе».

Хартыя\’97