Хвастоў у Жэнэве прынцыпова ігнараваў Бяляцкага
Афіцыйны беларускі прадстаўнік пры органах ААН у Жэнэве Міхаіл Хвастоў выказаўся супраць існаваньня пасады спэцыяльнага дакладчыка ААН па пытаньнях становішча з правамі чалавека ў Беларусі.
Пазьней старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» падзяліўся са Свабодай сваімі ўражаньнямі на гэты конт.
Спадар Бяляцкі сам учора выступіў на сэсіі Рады па правах чалавека ААН у Жэнэве. На сэсіі РПЧ было ўсяго чатыры кароткія выступы ад прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый, таму ён вырашыў зрабіць у сваёй прамове больш агульны пасыл.
«Фактычна я гаварыў ад імя ўсіх праваабаронцаў сьвету, таму выступ закранаў тыя найбольш вострыя пытаньні, якія тычацца ўсяго праваабарончага руху і праблемаў праваабаронцаў у найбольш складаных краінах, у найбольш драматычных сытуацыях. Тым ня менш я ўзгадаў сытуацыю з правамі чалавека і ў Беларусі, і ў Расеі. Асноўны пасыл быў такі, што Рада па правах чалавека павінна прыкладаць усе магчымыя намаганьні, каб адстойваць магчымасьць для праваабаронцаў выконваць свае функцыі, бараніць правы чалавека ў самых розных краінах сьвету», — распавёў Алесь Бяляцкі.
Як заўважыў праваабаронца, у сваіх выступах амбасадар Міхаіл Хвастоў і іншыя прадстаўнікі афіцыйнай беларускай дэлегацыі выказвалі жаль, што і ў Радзе па правах чалавека нібыта існуе штучны падзел краін:
У траўні ў Радзе па правах чалавека ААН будзе вырашацца пытаньне аб пралангацыі тэрміну працы спэцдакладчыка па Беларусі Міклаша Харасьці і ягоных паўнамоцтваў. Як лічыць Алесь Бяляцкі, пакуль няма падставаў казаць, што пасада спэцдакладчыка будзе скасаваная.
«Пакуль рана рабіць прагнозы, але з тых перамоў, якія праводзілі мы на працягу гэтых трох дзён, відаць, што адносіны большасьці краін-сяброў Рады па правах чалавека да сытуацыі ў Беларусі не зьмяніліся — яны расцэньваюць яе дастаткова крытычна», — кажа былы палітвязень.
Праваабаронцы і прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі беларускіх уладаў бачыліся, але паміж сабой не кантактавалі, і гэта ўжо традыцыя, адзначае Бяляцкі.
Сёньня беларускі праваабаронца мае ўзяць удзел яшчэ ў двух мерапрыемствах: супольным брыфінгу прадстаўнікоў Расеі, Беларусі і Азэрбайджану, а таксама брыфінгу, які прысьвечаны выключна правам чалавека ў Беларусі.