Ідэолагі абвінавацілі Вайцюшкевіча ў экстрэмізме і прапагандзе вайны
Чарговая спроба арганізаваць канцэрт Змітра Вайцюшкевіча ў Менску скончылася скандалам.
Сталічныя ідэолагі адмовілі ў выдачы гастрольнага пасведчання ў сувязі з тым, што “дзейнасць гэтага выканаўцы” нясе пагрозу нацыянальнай бяспецы краіны.
Як паведамляе Tuzin.fm, выступ Вайцюшкевіча быў запланаваны на 22 ліпеня ў Доме Масквы, дзе музыка меў намер прэзентаваць праграму на вершы Уладзіміра Маякоўскага з нагоды дня нараджэння паэта. Папярэдняя згода з пляцоўкай была дасягнутая.
Калі раней выступы Вайцюшкевіча зрываліся з надуманых прычын, проста па званку “зверху”, то ў гэтым выпадку чыноўнікі ўпершыню далі афіцыйнае тлумачэнне за подпісам першай намесніцы начальніка галоўнай управы ідэалагічнай працы, культуры і спраў моладзі – кіраўніцы ўправы культуры Менгарвыканкама (так афіцыйна гучыць пасаду) Віталіны Рудзікавай.
Адмова ў выдачы гастрольнага пасведчання звязаная з тым, што дзейнасць выканаўцы, на думку чыноўніцы, падпадае пад дзеянне пункта 5 часткі 2 указу Лукашэнкі №257.
Нагадаем, у ім гаворыцца пра тое, што забараняецца арганізацыя і правядзенне канцэртаў, якія маюць на мэце прапаганду вайны ці экстрэмісцкай дзейнасці, якія нясуць пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян.
Цікава, што да такой высновы Віталіна Рудзікава прыйшла пры «вывучэнні дзейнасці» Змітра Вайцюшкевіча. Але спасылкі і прыклады, якія б пра гэта сведчылі, не падала.
У размове з арганізатарам канцэрту ідэолаг заявіла, што “паслухала аўдыё і паглядзела відэа” ў інтэрнэце і асабіста прыняла пастанову аб забароне імпрэзы. Канкрэтна да Маякоўскага чыноўніца прэтэнзіяй не мела, яна ўдакладніла, што справа тычыцца менавіта творчасці Вайцюшкевіча.
Сам Зміцер у каментары для Tuzin.fm адказаў на кожны пункт гэтага абвінавачвання.
“У мяне гэты дакумент выклікае поўнае здзіўленне. Ніводная з пералічаных падстаў не мае нічога агульнага з маёй творчасцю. У маіх песнях няма ні прапаганды вайны, ні экстрэмізму. Наадварот – я стараюся праслаўляць Беларусь з дапамогай песняў на вершы як беларускіх, так і замежных паэтаў.
Можа, буду нясціплым, але мне здаецца, што мае творы ніяк не пагражаюць здароўю насельніцтва, а наадварот лечаць слухачоў і прыносяць толькі пазітыўныя эмоцыі, пра што магу судзіць са сваіх канцэртаў, на якія людзі прыходзяць сем\’ямі”, – кажа спявак.
Праўда, маючы на руках афіцыйную адмову ў правядзенні канцэрта, музыка можа аспрэчыць гэтую пастанову.
“Вядома, хацелася, каб чыноўнікі адказвалі за свае словы і больш выразна абгрунтоўвалі сваю пазіцыю. Таму я гатовы бараніць у судзе права займацца сваёй улюбёнай справай у сваёй краіне для сваіх слухачоў”, – кажа Вайцюшкевіч.
Заўважым, што за час існавання практыкі забароны канцэртаў у Беларусі, гэта толькі другі выпадак, калі арганізатары атрымалі афіцыйны ліст. У 2014 годзе з такой жа прычыны за подпісам той жа Рудзікавай у правядзенні канцэрту было адмоўлена гурту Amaroka.