Навіны

Ігар Аліневіч адбыў 10 сутак у ШІЗА

Палітвязень Ігар Аліневіч адбыў 10 сутак у ШЫЗА. Агулам, пасля пераводу ў ПК “Віцьба” ў ліпені 2014 года, ён правёў у ШЫЗА 50 сутак.

31 студзеня Ігар Аліневіч выйшаў з ШІЗА, дзе правёў 10 сутак. Днямі ён быў пераведзены ў іншы атрад. Аб гэтым паведаміла маці палітвязня Валянціна Аліневіч. Аб прычынах пераводу ёй нічога невядома.

Валянціна Аліневіч, па-ранейшаму, не атрымлівае лістоў ад Ігара, хаця ёй дакладна вядома, што сын ёй піша рэгулярна, акрамя таго часу, калі знаходзіцца ў ШІЗА, дзе зняволеныя не могуць ліставацца. Яна не мае магчымасці і пагаварыць з сынам – тэлефонных званкоў таксама не дазваляюць. Аб тым, то Ігар пакараны ШІЗА, маці даведалася, толькі дзякуючы свайму званку ў калонію.

“Такая ж сітуацыя і з маімі лістамі, – кажа спадарыня Валянціна. – Мне вядома, што ён не атрымаў нават маю тэлеграму, адпраўленую некалькі дзён таму, хаця я ўжо нават атрымала абвестку аб яе ўручэнні з подпісам супрацоўніка калоніі”.

Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч асуджаны на 8  год зьняволеньня, нібыта, “за хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў”. Сваёй віны палітвязень не прызнаў. Адмовіўся і пісаць прашэньне аб памілаваньні.

Ігар Аліневіч раней адбываў пакараньне ў калоніі ў Наваполацку. У сярэдзіне ліпеня стала вядома, што ён этапаваны у калонію “Віцьба”. Праз невялікі час на палітвязня пачаўся моцны ўціск. Да гэтага часу было вядома, што меньш, чым за паўгады ў “Віцьбе”, Ігар Аліневіч правёў сорак сутак у ШІЗА.

Пасля пераводу ў іншы атрад напісаць палітвязню можна сюды:

211 300 Віцебская вобл., Віцебскі раён, пас. Віцьба, ПК “Віцьба”, атрад №7
Аліневічу Ігару Уладзіміравічу