Навіны

Iгару Аліневічу ізноў пагражае спагнанне ў калоніі

Як распавяла Праваабарончаму цэнтру “Вясна” маці палітзняволенагаВалянціна Аліневіч, бліжэйшым часам Ігар Аліневіч чакае рашэння пра новую меру спагнання.

На гэты раз адміністрацыя калоніі “Віцьба-3” прычапілася да вопраткі Ігара Аліневіча. Сітуацыя склалася наступным чынам: раз на месяц зняволеныя ўсім атрадам у вызначаны дзень прасуюць свае робы [спецвопратка асужданых – заў. рэд.]. У гэты дзень яны апранаюць свае спартовыя касцюмы. Такі дзень адбыўся і на мінулым тыдні, але па выніку на Ігара Аліневіча склалі рапарт “за хаджэнне не па форме”. Цяпер чакаецца рашэнне аб меры спагнання за гэтае “парушэнне”.

“Сістэма карання – індывідуальная: за што не кранаюць усіх, пакараюць яго аднаго.

Мінулыя разы каралі за наступнае: ёсць графік дзяжурстваў па прыборцы, там пішацца прозвішча адказнага алоўкам, потым сціраюць адно імя, пішуць “Аліневіч” і прыцягваюць яго за тое, што ён нібыта не выйшаў на прыборку.

Па выніках усіх спагнанняў пазбавілі перадачаў і спатканняў. Бліжэйшая перадача можа адбыцца ў лютым 2016 года, калі не пазбавяць, канешне”, – кажа маці палітзняволенага.

За час знаходжання ў “Віцьбе-3” Ігар Аліневіч атрымліваў шэсць разоў ШІЗА, агулам адбыў там 70 сутак.

Зараз ён абскарджвае неправамерныя дзянні адміністрацыі ў дачыненні да яго, але пакуль безвынікова.

“Яшчэ ў красавіку 2014 палітвязень пісаў скаргу пракурору Віцебскай вобласьці, якая складалася з 35 пунктаў па парушэннях ўмоваў утрыманьня і правоў зняволеных. Яму павернулі скаргу з тым, каб адаслаў у Дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП), але спецчастка адмовіла ў перасылцы скаргі. Адказ ён так і не атрымаў”, – адзначае Валянціна Аліневіч.

Нядаўня – 27 ліпеня 2015 года – Ігар Аліневіч накіраваў у ДВП яшчэ адну скаргу на начальніка атраду Красоўскага Дзмітрыя, які адмовіўся прадставіць вязню правілы ўнутранага распарадку (ПУР), спасылаючыся на тое, што ПУР толькі для службовага карыстання. Якім будзе адказ – можна толькі здагадвацца.

Акрамя таго, у калоніі ўводзяцца ўсё новыя і новыя абмежаванні і забароны. Так забралі ўсе Кодэксы, не дазваляюць, як і раней, карыстацца юрыдычнай літаратурай. Шмат лістоў да Ігара Аліневіча не даходзяць, асабліва з-за мяжы. Зусім забаранілі гуляць зняволеным у футбол. Парушаецца тэхніка бяспекі на вытворчасці: нядаўна за тыдзень два чалавекі зрэзалі сабе пальцы на такарным станку.

Пра гэтыя і іншыя змены ў калоніі пісаў Ігар Аліневіч і ў сваім адкрытым лісце.

Нагадаем, актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч быў асуджаны 27 траўня 2011 г. судом Завадскога раёна г.Мінску па ч.2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства), ч.2 і ч.3 арт.218 КК (пашкоджаньне маёмасьці агульнанебяспечным спосабам і ў асабліва буйным памеры) да 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Знаходзіўся ў калоніі №10 у Наваполацку, у ліпені 2014 года пераведзены у калонію “Віцьба-3”.

spring96.org